Сяргей Навумчык: Заклік «Мы патрабуем прэзідэнцкіх выбараў як найхутчэй» — небяспечны

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, публіцыст Сяргей Навумчык разважае, што трэба зрабіць найперш, чым патрабаваць новых прэзідэнцкіх выбараў — каб не атрымаць на іх «Лукашэнку 2.0».

10623482_551941321598856_8160839948237985935_o.jpg


Прыводзім яго допіс у Фэйсбук у правапісе арыгіналу.

Набліжаецца чарговая (28-я ўжо) гадавіна выбараў-1994, і зноў будуць спрэчкі — як, чаму, хто вінаваты і гэтак далей.

Мой адказ такі: усё вызначыла нізкая нацыянальная сьвядомасьць большасьці насельніцтва і жаданьне «каб было, як у СССР».  

Папуліст можа перамагчы ў любой краіне, у тым ліку і суседніх з намі. Але ні ў Літве, ні ў Польшчы, нідзе ня мог і ня можа перамагчы той, хто выступае супраць незалежнасьці краіны.  

Ня тое сумна, што Незалежнасьць была дасягнутая намаганьнямі 30-50 тысяч прыхільнікаў БНФ у Менску і рэгіёнах (0,5% насельніцтва) — рэвалюцыю заўсёды робіць актыўная меншасьць (у 1989 у Чэхаславакіі на плошчы было 150 тысяч, гэта 1%).  Дрэнна тое, што бодьшасьць насельніцтва цягам 1991-1993 так і не ўсьвядоміла важнасьці існаваньня сувэрэннай дзяржавы.

За некалькі гадоў адноснай дэмакратыі (1991-1993) нацыянальныя сілы зрабілі неверагодныя высілкі, каб каштоўнасьць Незалежнасьці ўсьвядомілі як мага больш людзей — але гэта было цяжка ва ўмовах манапалізацыі СМІ Кебічам, які ўжо ў 1992 «раскаяўся» у тым, што ў 91-м падтрымаў Незалежнасьць.

І тым ня менш — быў створаны падмурак дзяржаўнасьці (уласнае войска, уласная мытня і памежная служба, уласная грашовая сыстэма), Беларусь заявіла пра сябе на міжнароднай арэне як краіна, якая крочыць у сям’ю цывілізаваных народаў, адчыняліся беларускія школы, выходзілі беларускія кніжкі, вярталіся зь нябыту імёны белускіх патрыётаў.

Толькі гэта не цікавіла большасьць насельніцтва і не ўспрымалася ніякім дасягненьнем. Яны палівалі брудам БНФ і «эту вашу независимость» — тое, што Незалежнасьць ратуе іх дзяцей і ўнукаў ад гібелі ў «гарачых кропках», (пра што мы ўвесь час казалі) было занадта складана для іх разуменьня.  

Літоўцы ва ўмовах эканамічнай блакады Крамля правялі дзьве зімы ў халодных кватэрах — абы захаваць незалежнасьць. У беларусаў сытуацыя ў 1991-1994 была непараўнальна лепшае (і ня трэба экстапаліраваць расейскія пужалкі пра «ліхія 90-я» на Беларусь. Не было ў нас такога разгула крыміналу, як у РФ, і масавага голаду не было. Жылі - так, не багата (як заўсёды і бывае ў пераломны час, гэта прайшлі тая ж Літва, і Польшча, і іншыя краіны).

Патрабавалася яшчэ 5-6 гадоў парламенцкай дэмакратыі — і ніякія лукашэнкі ўжо не маглі б вярнуць краіну ў расейскае стойла.

І тут узьнікае пытаньне пра адказнасьць палітыкаў. «Маладыя ваўкі» вырашылі згуляць на настальгічных пачуцьцях — Незалежнасьць і нацыянальныя каштоўнасьці ў якасьці пастулатаў яны не ўспрымалі («Суверенитет не есть икона, на которую нужно молиться» — Булахаў). Гэта супала з інтарэсамі спецслужбаў РФ, якія ўжо пачыналі весьці адрозную ад Крамля гульню і паставілі на афіцэра памежных войскаў КГБ, у свой час камісаванага з прычыны псіхічнага нездароў’я і таму кіруемага.

Нягледзячы на супраціў БНФ, было ўведзена прэзыдэнцтва. І ўжо ніякія камбінацыі, ніякія кааліцыі не маглі прадухіліць абраньне насельніцтвам «нашыва Сашы», які паабяцаў ўсё вярнуць «как в СССР».

Маладыя павінны ведаць, а мае равесьнікі ўзгадаць, што ўвесь 1993 год па дзяржаўных СМІ (і ў Менску, і ў рэгіёнах) ішла шалёная прапаганда супраць Незалежнасьці, за саюз з Расеяй, і перад выбарамі 1994 яна дасягнула піку.

Фактычна, дзяржСМІ працавалі на Лукашэнку, на ягоныя ідэі саюзу з Расеяй, якія ён дэкляраваў значна больш гучна і энэргічна, чым Кебіч («Я готов на коленях ползти в Россию»).

На выбарах 1994 той, хто выступаў (ці выступіў бы) з пазыцыі Незалежнасьці і нацыянальных каштоўнасьцяў, ня меў ніякага шанцу. Толькі — за аднаўленьне СССР, мінімальна - за «дружбу с великой Россией, без которой нам не прожить».

Ці сёньня ўсьведамляе большасьць насельніцтва (хаця б 50% плюс адзін голас) Незалежнасьць як каштоўнасьць? Сумняюся, што 28 гадоў лукашызму гэтаму спрыялі. А калі ўлічыць, што сучаснасьць ставіць знак роўнасьці паміж Незалежнасьцю і анты-расейскаімпэрскасьцю — баюся, што сёньня ў выпадку нават свабодных прэзыдэнцкіх выбараў (да якіх заклікаюць некаторыя) людзства ізноў прагаласуе за Лукашэнку 2.0 — прарасейскага і антынацыянальнага (што і паказаў пачатак прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га).

Вось чаму я застаюся праціўнікам прэзыдэнцтва і прыхільнікам парламенцкай рэспублікі.

Вось чаму небясьпечна гучыць заклік «Мы патрабуем прэзыдэнцкіх выбараў як найхутчэй». Пасьля падзеньня рэжыму трэба некалькі гадоў максымальнага дзяржаўнага спрыяньня разьвіцьцю нацыянальнай адукацыі, культуры, кнігадруку, дзяржаўнай нацыянальнай асьветы праз СМІ (калі хочаце — так, прапаганды, бо на вайне вядзецца прапаганда супраць ворага, а вораг у галовах людзей замацаваўся трывала - «русский мир». Патрэбнае інтэнсіўнае «раззамбіраваньне»).  

Патрэбны этап, які мусіў адбыцца пасьля 1991, але не адбыўся, і прывёў да трагічных вынікаў.  

Паважаю ўсіх, хто пачаў часьцей ужываць беларускую мову, чытаць беларускіх аўтараў, вывучаць нацыянальную гісторыю.

Гэта — правільны шлях.

Вось у гэтым рэчышчы — нацыянальнага будаўніцтва — і бачыцца падмурак нязрушнасьці Беларусі як незалежнай краіны.