«Раскосмас» чакае «соцень» беларускіх спецыялістаў і «тысяч» будаўнікоў на касмадроме «Усходні»

«Раскосмас» гандлюецца з беларускімі будаўнікамі па праектах для касмадрома «Усходні». Беларускія падрадчыкі могуць пачаць працы ў горадзе Цыялкоўскі і на касмадроме восенню гэтага года.

fded622a0369055352ba52b643961609.jpg


«Беларускія будаўнікі ўжо восенню могуць сюды зайсці. Мы проста цяпер гандлюемся па цэнах і каштарысах, нармальны працэс ідзе паміж падрадчыкам і заказчыкам», — заявіў гендырэктар расійскай карпарацыі Дзмітрый Рагозін, перадае REFORM.by.

Рагозін адзначыў, што спачатку прыбудуць сотні беларускіх спецыялістаў, а пасля таго, як пачнецца будаўніцтва жылля ў Цыялкоўскім, могуць прыехаць тысячы будаўнікоў.

«Яны і свае праекты прапанавалі. Можна будзе паглядзець у рэальнасці, як гэтыя дамы будуць выглядаць, каб людзі сказалі, якія будуць там жыць, Якія плюсы і мінусы», — растлумачыў Рагозін.

Нагадаем, Лукашэнка на працягу двух гадоў казаў пра жаданне адправіць беларускіх спецыялістаў на будоўлю «Усходняга». У выніку Уладзімір Пуцін пагадзіўся на гэта. Нядаўна ў Расіі прынялі змены ў заканадаўства, якія дазваляюць беларускім падрадчыкам працаваць на гэтых закрытых будоўлях.