Санкцыі ЕС знятыя з Ганны Шадрынай, «Аквадзіва» і «Спорт-Пары»
29 мая Рада Еўрасаюза скараціла на аднаго чалавека спіс неўзязных беларускіх чыноўнікаў.
«Зняты ўсе абмежавальныя меры» ў адносінах да былой намесніцы рэдактара газеты «СБ. Беларусь сегодня» Ганны Шадрыной, паведамляе Еўрарадыё.
На момант складання «чорнага спісу Еўрасаюза» Ганна Шадрына ўжо не працавала ў прэзідэнцкай газеце, адкуль сышла паводле ўласнага жадання. У выданні яна ўзначальвала аддзел культуры і лістоў.
Вядома, што ў 2011 годзе яна мела перапіску са структурамі Еўрасаюза, бо была не згодная з фармулёўкамі, праз якія яна апынулася ў спісах. Тады ліставанне было завершанае нічым.
Варта адзначыць, што на мінулым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША прыняў рашэнне спыніць дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».
Палітычнае рашэнне аб візавых і эканамічных санкцыях у дачыненні да Беларусі было прынята Радай ЕС 31 студзеня 2011 года ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.
Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаны. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Рада ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і цяпер ўезд у Еўрасаюз забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам, дадае БелаПАН.