Саакашвілі: калі сістэма згніла, працуюць толькі радыкальныя рэформы

Адэса — гэта месца ў якім сыходзяцца нервовыя канчаткі карупцыі, кантрабанды, арганізаванай злачыннасці ўсёй Украіны. Вылечыўшы Адэсу, можна пачаць перамены ва ўсёй дзяржаве — перакананы нядаўна прызначаны губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі. 



9e2f4664_8a113.jpg

Міхаіл Саакашвілі на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Камінтэрнава, Адэская вобласць

Пра тое, як былы грузінскі прэзыдэнт намераны выцягнуць мільённы партовы горад з крымінальна-карупцыйнага балота, ён расказвае ў інтэрв'ю Польскаму радыё.

— Спадар Міхаіл, у рэформах дзяржаўнага апарату вы прытрымліваецеся радыкальнага падыходу — звальняеце ўсіх старых чыноўнікаў і набіраеце новых, без досведу дзяржслужбы. Нядаўна вы звольнілі ўсіх кіраўнікоў раёнаў Адэскай вобласці. Вам часта ставяць у віну тое, што вы ліквідуеце цэлыя ўстановы...

— Сістэма настолькі згнілая, што некаторыя яе галіны проста трэба адсекчы. Трэба выкарыстоўваць радыкальныя метады. Нічога іншага ва Ўкраіне не спрацавала. Быць можа, спрацуе гэта. Які іншы выбар мы маем!? Іншыя палітыкі адмаўляюцца ўзяць на сябе адказнасць, каб сказаць пазней, што сістэма не дазволіла ім дзейнічаць. Мы павінны змагацца да канца. І гэтае змаганне я разумею як барацьбу мірнымі метадамі за годнасць людзей. Ёсць вельмі просты рэцэпт, як вярнуць людзям годнасць — гэта прававая дзяржава. Не павінна быць ніякіх спецыяльных правілаў для чыноўнікаў, бандытаў, мільянераў. Перад законам усе павінныя быць роўныя.

— Ці можна пабудаваць усе дзяржаўныя структуры з нуля? Ваш метад працуе толькі ў малой краіне, ці яго можна прымяняць у вялікай?

— Кожны працэс, які адбываецца тут, у Адэсе, з'яўляецца часткай агульнанацыянальнага працэсу. Мы адкрыта кажам пра праблемы — і гэта ўжо вельмі добра. Мы стараемся ўскалыхнуць карупцыйную сістэму, якая склалася ў Адэсе і іншых гарадах Украіны. Адэса з'яўляецца важнай, таму што тут засяроджаныя ўсе нервовыя канчаткі ўкраінскай карупцыі й дрэннага кіравання. Тут знаходзяцца мытні, вялікія дзяржаўныя прадпрыемствы, вялікія сельгаспрадпрыемствы, вялікія турыстычныя фірмы. Таму тут сыходзяцца карупцыйныя інтарэсы вялікіх шышак з Кіева. Калі мы варушым гэты мурашнік, то ўзбуджаем дыскусію пра падобныя праблемы ва ўсёй дзяржаве. Цяпер самыя галоўныя навіны ва Ўкраіне прыходзяць з Адэсы. Аднак так адбываецца таму, што праблемы, з якімі мы змагаемся — не ўнікальныя. Яны існуюць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

— Як вы знаходзіце сваіх падначаленых? Паводле якіх крытэрыяў і як вы іх выбіраеце?

— Мы праводзім конкурс. На пасады 26 кіраўнікоў раённых адміністрацыяў у гэтым годзе прэтэндавалі 6 тысячаў чалавек. Пераважная большасць анкетаў прыйшла з іншых рэгіёнаў Украіны і ад украінцаў, якія жывуць за мяжой: з Францыі, Амерыкі, Англіі. Кандыдатуры выбірае вялікая міжнародная камісія. Я прыходжу, каб паразмаўляць прэтэндэнтамі, толькі на апошнім этапе — калі застаецца тры-чатыры кандыдаты на адну пасаду. Перад гэтым яны праходзяць тэст на IQ, здаюць экзамен. Першы раз ва Ўкраіне мы маем настолькі празрысты і неперадузяты працэс выбару дзяржслужбоўцаў. Ва Украіне такі механізм пакуль прымяняецца толькі пры адборы кандыдатаў у новую паліцыю і ў адміністрацыю ў Адэскай вобласці. Дарэчы, паліцыя ва Ўкраіне таксама будуецца паводле грузінскага ўзору.

— Нядаўна ў Адэсе адбыліся чарговыя выбухі ля будынкаў, дзе размешчаныя недзяржаўныя арганізацыі, якія падтрымлівалі ўкраінскую рэвалюцыю, а цяпер — украінскіх вайскоўцаў, якія ваююць у Данбасе. Хто стаіць за гэтымі выбухамі і з якой мэтай іх робіць? Ці крымскі альбо данбаскі сцэнар можа паўтарыцца ў Адэсе?

— Мы вядзем следства. Ёсць некалькі рабочых версіяў, якія я б не хацеў агучваць. Ёсць вялікія сілы, якія хочуць дэстабілізаваць сітуацыю, але ёсць і лякальныя сілы, якія хочуць такой дэстабілізацыі. І мы шукаем, якія мясцовыя інтарэсы могуць за гэтым стаяць. Мы павінныя вельмі ўзважана падыходзіць да гэтага расследавання. У гэтым годзе ў Адэсу прыехала ў два разы больш турыстаў, чым звычайна. Людзі, якія арганізуюць гэтыя выбухі, хочуць напалохаць турыстаў. Запэўніваю вас, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Мы не дапусцім, каб жыхары Адэсы страцілі свае даходы ад турызму і транзіту тавараў.

— На мяжы з Адэскай вобласцю знаходзіцца Прыднястроўе. Нядаўна вы загадалі заблакаваць мяжу, каб спыніць кантрабанду адтуль. Ці ўдалося вам дабіцца чаго-небудзь?

— Да нядаўняга ўсе там займаліся кантрабандай разам: урад у Кішынёве, так званы ўрад у Прыднястроўі, украінцы і расейцы. Цяпер адбыліся пэўныя змены ў Кішынёве, а самае галоўнае — я загадаў, (і гэта было ўзгоднена з прэзідэнтам Украіны) спыніць кантрабанду. Кантрабанда поўнасцю не спынілася, аднак была сур’ёзна абмежавана. Мы выкапалі роў уздоўж мяжы, які не могуць пераадолець звычайныя сродкі транспарту. Нам застаецца спыніць карупцыю ў афіцыйных установах. Гэта датычыць СБУ, памежнікаў мытных службаў — усе яны ўдзельнічалі ў кантрабандзе і надалей у ёй удзельнічаюць.

Каб перамагчы кантрабанду, мы будуем новую антыкарупцыйную службу. Гэта будуць абсалютна новыя людзі, з высокімі заробкамі, іх не будуць выбіраць палітычныя сілы, іх будуць выбіраць праз конкурс. Мы будуем новую паліцыю. Яна ўжо створана ў Кіеве. Яна вельмі адрозніваецца ад таго, што было ва Ўкраіне. У нас у Адэсе з'явіўся новы шэф міліцыі — гэта грузінскі генерал, які стаў сапраўднай легендай з-за аперацыяў супраць кантрабандыстаў. Ён ужо правёў некалькі аперацыяў тут. Галоўнае, што нам засталося — змяніць падыход чыноўнікаў у Кіеве, якія хочуць зарабляць грошы для сябе, крадучы іх у дзяржавы.

— Калі мы ўбачым вынікі эканамічных рэформ ва ўсёй Украіне? Калі нарэшце пачнецца эканамічны рост?

— Спачатку мы павінны спыніць глыбокі крызіс. А першым вынікам рэформаў, я думаю, з'яўляецца новая паліцыя. Пераломнай падзеяй стане з'яўленне пад канец гэтага году новых мытняў. Новая сістэма аказання адміністрацыйных паслугаў насельніцтву таксама будзе адыгрываць важную ролю. Цяпер украінскія ўлады сфакусаваліся на бягучых справах. Стабілізацыя цяжкой эканамічнай сітуацыі патрабуе часу. Пасля стабілізацыі пачнецца рост. Галоўнае цяпер — пераламаць дрэнныя эканамічныя тэндэнцыі.

— Хацеў бы запытацца пра вашу родную краіну — Грузію. Нядаўна Расея пачала перасоўваць межы непрызнанай Паўднёвай Асетыі ўглыб грузінскай тэрыторыі. Ці лічыце вы, што Расея можа пайсці на новую эскалацыю канфлікту ў Абхазіі і Паўднёвай Асетыі?

— Небяспека рээскалацыі канфлікту існуе ўвесь час. Крэмль хоча гэтага ва Украіне, Цэнтральнай Азіі, Азербайджане, Грузіі. Таму калі вы пытаеце мяне, ці маю я якія-небудзь асобныя планы наконт Грузіі, то я адказваю, што такіх планаў я не маю па простых прычынах: што б я там ні зрабіў, расейцы адкажуць акупацыяй новых тэрыторыяў. Каб гэтага пазбегнуць, мы павінныя затрымаць расейскую экспансію ва Ўкраіне. Украіна павінна справіцца з усім тым, што Крэмль нарабіў на яе зямлі, і тады ўсім іншым краінам стане нашмат лепш.

— Некаторыя каментатары кажуць, што Адэская вобласць — занадта малое месца для вас. Ці не плануеце вы рабіць палітычную кар’еру ў Кіеве?

— Не. Адэса нават занадта вялікая для мяне. Я ў захапленні ад гэтага гораду і вельмі адданы яго жыхарам. Я шчыра люблю не толькі жыхароў Адэсы, але й іншых гарадоў і вёсак. У кожным раёне ёсць проста выдатныя людзі. Я поўны рашучасці змяніць іх жыццё да лепшага і не збіраюся кінуць іх напаўдарозе. Я перакананы, што будучыня Грузіі залежыць ад перамогі Ўкраіны. Калі Ўкраіна не пераможа — ніводная з краінаў нашага рэгіёну не будзе мець будучыні. Гэтыя краіны проста не выжывуць.

— Ці плануеце вы працягваць палітычную кар’еру ў Грузіі? Ці адмовіліся вы ад грузінскага грамадзянства, як гэтага патрабуюць правілы прыняцця грамадзянства Ўкраіны?

— Гэтае пытанне грамадзянства — вельмі фармальная рэч. Грузінскі ўрад выгнаў мяне з краіны. Тое, што ён робіць супраць мяне, увесь свет, акрамя Расеі, прызнаў палітычным пераследам. Ва ўладаў няма ніводнага абгрунтаванага абвінавачвання. Усе абвінавачванні — абсурдныя. Калі я цяпер вярнуся ў Грузію, то патраплю ў турму. І з-за гэтага ўрад, які кіруе маёй краінай, выклікае ў мяне пачуццё агіды. Гэта ганебны ўрад, і дзеянні яго — ганебныя. Міжнародная супольнасць салідарная з маім меркаваннем. Я не хачу каментаваць дзеянняў грузінскіх уладаў. Я павінен сканцэнтравацца на тым, што я раблю тут, у Адэсе. Я перакананы, што мая праца ва Украіне служыць дабру Грузіі і ўсяго рэгіёну.

Аляксандр Папко, Павел Паўліца, Марка Лонквіст

www.radyjo.net