Рух «За Свабоду» пра Плошчу-2015: Грамадства дазволу на справядлівыя пратэсты ва ўладаў пытацца не будзе

У год прэзідэнцкіх выбараў улады чакана шмат загаварылі пра недапушчэнне Плошчы: спачатку Аляксандр Лукашэнка падчас буйной прэс-канферэнцыі на мінулым тыдні, затым — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец.



sychodz1.jpg

Каментуючы затрыманне ўдзельнікаў нядаўняе праўкраінскае акцыі каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску Косінец заявіў, што там гучалі заклікі да вулічных пратэстаў: «Калі былі лозунгі, якія датычацца розных пытанняў Украіны, Беларусі, супрацоўнікі міліцыі спакойна рэагавалі на ўсе гэтыя лозунгі, але калі сталі гучаць лозунгі: пойдзем на плошчу, давайце беларускі майдан... Пра які майдан можа ісці гаворка? У нас ніякіх майданаў не будзе і ніякіх сходаў на плошчах таксама не будзе».
«Калі сітуацыя наспее, а яна ў сацыяльна-эканамічным плане істотна пагаршаецца, то грамадства дазволу на справядлівыя пратэсты ва ўладаў пытацца не будзе. А калі не хопіць розуму, і яны ў адказ на мірныя пратэсты ўжывуць сілу, як гэта адбылося ва Украіне, то ў лепшым выпадку апынуцца ў адным гатэлі з Януковічам», —  каментуе антымайданную рыторыку кіраўніцтва краіны першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Беларусі патрэбныя перамены — і менавіта мірныя перамены. Інакш могуць з’явіцца новыя пагрозы для краіны і кожнага асобнага грамадзяніна. Таму мы ініцыявалі «Народны рэферэндум», парадак дня якога прапануе менавіта мірныя перамены як у сацыяльна-эканамічнай сферы, так і ў палітычным жыцці», — дадаў адзін з кіраўнікоў Руху «За Свабоду».
pyx.by