Рашэнне Расіі пра памежную зону з Беларуссю набыло моц
6 лютага набыло моц рашэнне Федэральнай службы бяспекі Расіі, якім усталёўваецца памежная зона на сумежнай з Беларуссю тэрыторыі.
Адпаведны загад дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў падпісаў яшчэ 29 снежня 2016 года. Вядома пра гэты загад стала напрыканцы студзеня 2017-га.
Памежная зона ўводзіцца ў трох абласцях Расіі — Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай. Раней на мяжы Беларусі і Расіі памежных зонаў не было ўвогуле.
Расійская памежная служба запэўнівае, што беларускіх грамадзянаў новаўвядзенне не закране, а будзе тычыцца толькі замежнікаў. Пунктаў пропуску на мяжы расіяне вырашылі пакуль ніякіх не ставіць. Тым не менш, яны будуць правяраць пашпарты ва ўсіх, хто едзе з Беларусі ў Расію — аўтамабілем або цягніком.
Падчас сваёй прэс-канферэнцыі 3 лютага Аляксандр Лукашэнка назваў расійскае рашэнне палітычным выпадам.
euroradio.fm