Пытанне нацыянальнай бяспекі

Увесь гэты тыдзень для «акулаў пяра і мікрафона» — святочны. 3 мая мы адзначылі Сусветны дзень свабоды друку. 5 мая адзначым беларускі Дзень друку, 7-га — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. З чым мы прыйшлі да гэтых святаў?

gazety_5_logo.gif


Напярэдадні гэтых святаў міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) апублікавала рэйтынг, у якім паказана, што святкаваць нам, у прынцыпе, няма чаго. Рэйтынг называецца «Сусветны індэкс свабоды слова», Беларусь, па меркаванні экспертаў RSF, засталася ў ім на 153-м са 180 месцаў.

Мы падзяляем свае пачэсныя дасягненні са Свазілэндам (152 месца), Дэмакратычнай рэспублікай Конга (154) і Турцыяй (155). Расія пакуль наперадзе — 148-я пазіцыя. Украіна ў рэйтынгу RSF займае 102-е месца, Польшча — 54-е, Літва — 36-е, Латвія — 28-я.

«У спробе аслабіць расійскі ўплыў на Беларусь і выйсці з эканамічнага крызісу, рэжым Аляксандра Лукашэнкі спрабуе здабыць кантакты з міжнароднай супольнасцю і сцерці вобраз «апошняга дыктатара Еўропы». Аднак, акрамя вызвалення з турмаў галоўных палітычных вязняў, у краіне нічога не змянілася. Пазаштатныя журналісты, якія працуюць у незалежных СМІ, заснаваных за мяжой, не могуць атрымаць акрэдытацыю і церпяць пераслед з боку судовых органаў», — каментуюць сваё рашэнне «Рэпарцёры без межаў».

У дакуменце таксама гаворыцца: «Нешматлікія журналісты былі арыштаваныя або цярпелі гвалт у 2016 годзе. Але зацішша скончылася ў сакавіку 2017 года, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да істотнага пагаршэння сітуацыі».

Як бачым, сябры з RSF больш увагі надаюць маштабнай геапалітычнай абстаноўцы, чым карпаратыўным праблемам беларускай журналістыкі. Але і ў карпаратыўнай галіне не ўсё так добра, як хацелася б.

Канешне, нам вельмі радасна, што «Новы Час» патрапіў у распаўсюд, і з другога паўгоддзя будзе даступны ў дзяржаўнай сістэме падпіскі (дык падпісвайцеся!). Гэта палегчыць жыццё, найперш, нашым чытачам: ім не давядзецца больш шукаць газету па офісах недзяржаўных арганізацый і плаціць камісію банкам за падпіску на выданне.

Але глабальна недзяржаўныя выданні змагаліся за іншае — за роўныя ўмовы дзейнасці для ўсіх СМІ. А тут яшчэ конь не валяўся.

А з электроннымі СМІ сітуацыя зусім сумная. Той пераслед «фрылансераў», які заўважылі «Рэпарцёры без межаў», — па-сутнасці пераслед журналістаў «Белсата». Гэты тэлеканал не можа стварыць тут карпункт, яго журналісты ўжо колькі гадоў не могуць атрымаць і акрэдытацыю як прадстаўнікі замежнага СМІ. Акрэдытацыю выдае (дакладней — не выдае) Міністэрства замежных спраў. З езуіцкай фармулёўкай: нібыта, супрацоўнікі тэлеканалу прыцягваліся да адказнасці за працу без акрэдытацыі, таму акрэдытацыю і не даем.

Дый з іншымі замежнікамі справа цікавая. Колькі гадоў ужо абяцанкам улады запусціць, напрыклад, украінскі тэлеканал хаця б у кабельныя сеткі Беларусі! Выніку няма.

Затое ці вы можаце ўявіць краіну, дзе б грамадзяне ваявалі з уласным тэлебачаннем? Напэўна, не. Зазвычай людзі выходзяць на абарону любімага СМІ, як было з «5 каналам» ва Украіне альбо з «Руставі 2» у Грузіі. Можа, нехта недзе, як беларускія анархісты, і закідвае будынкі, дзе месцяцца тэлеканалы, фарбай, але далей гэтага зазвычай не ідзе.

А ў нас ідзе. Прапагандысцкі фільм БТ «Белы легіён чорных душаў» выдалены з сэрвісу YouTube па патрабаванні гледачоў, а канкрэтна — гурта «Irdorath Fantasy Folk Band». Фармальнай падставай стала тое, што БТ парушыла аўтарскія правы, без дазволу ўключыўшы ў якасці музычнага суправаджэння кампазіцыю гурта. Самі музыкі патлумачылі, што яны сваю музыку не асацыявалі з палітыкай, «а тым больш з дзяржпрапагандай». «Тым больш пад такім кантэнтам мы б ніколі не падпісаліся. Гэты фільм быў зроблены па замове пасля вядомых падзеяў. Наша музыка там гучаць не павінна, і нашага імя там быць не павінна», — зазначылі прадстаўнікі «Irdorath Fantasy Folk Band».

Але вынік рэгулявання медыя — хутчэй адмоўны, чым станоўчы. Дзяржаўныя СМІ страчваюць не толькі дзяржаўныя грошы, але і, у выніку распаўсюду непрыкрытай лухты і прапаганды, давер аўдыторыі. Аўдыторыя сыходзіць на іншыя каналы. А якія ў нас іншыя? Так і ствараецца войска адэптаў «рускага міру» ў Беларусі.

А гэта ўжо — пытанне нацыянальнай бяспекі.