Прызначана дата суда над Уладзімірам Кондрусем
Праваабаронцам стала вядома, што суд над Уладзімірам Кондрусем адбудзецца 16 лістапада ў 10.30 у судзе Маскоўскага раёна горада Мінска.
Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Бандарэнка.
Нагадаем, што жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь 1977 года нараджэння быў узяты пад варту 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расследавання за яго меркаваны ўдзел у падзеях каля Дома ўрада падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён абвінавачваецца па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса «Масавыя беспарадкі», па якім у 2011 годзе было асуджана 49 чалавек, многія з пазбаўленнем волі на розныя тэрміны. На час следства ён утрымліваецца ў СІЗА №1 г. Мінска.
Бацькі, сястра і адвакат Уладзіміра не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы — яны далі падпіску аб неразгалошванні.
Сам Уладзімір амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан яго здароўя моцна пагоршыўся: ён не мог нават самастойна хадзіць.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволенымі патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.