Полацкі завод «Шкловалакно» незаконна прысвоіў грошы Свабоднага прафсаюзу
Адміністрацыя полацкага заводу «Шкловалакно» цягам месяца незаконна
спісвала грошы з банкаўскага рахунку Свабоднага прафсаюзу – забралі
амаль 130 рублёў. Прафсаюзныя актывісты лічаць гэта чарговым фактам
перашкоды дзейнасці Свабоднага прафсаюзу. Яны накіравалі скаргу ў
пракуратуру Полацку.
Юрысты заводу вырабілі незаконнае выплатнае патрабаванне, у якім падмянілі банкаўскі рахунак даўжнiка. На падставе судовага загаду эканамічнага суду, дзе даўжніком названы Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), завод указаў іншую юрыдычную асобу – першасную арганізацыю работнікаў ААТ Полацак-Шкловалакно СПБ. Такім чынам з рахунку пяршоўкі СПБ у “БПС-Ашчадбанку” цягам месяца спісваліся грашовыя сродкі, якія паступалі ў якасці прафсаюзных складак. Аднак, паводле статуту прафсаюзу, першасныя арганізацыі СПБ не адказваюць па абавязках цэнтральнага офісу СПБ.
Як расказалі прафсаюзныя актывісты, пасля рашэння Віцебскага эканамічнага суду 29 студзеня 2019 году аб высяленні з офісу Свабоднага прафсаюзу Беларускага і выплаты 490 рублёў судовай пошліны СПБ прыняў рашэнне абскардзіць судовую пастанову ў адміністрацыйным парадку ў Генпракуратуру. Свабодны прафсаюз не прызнае Эканамічны суд упаўнаважаным органам для разгляду спрэчкі паміж прафсаюзам працоўных і адміністрацыяй заводу. Аднак пракуратура належным чынам не адрэагавала.
Прафсаюз СПБ сабраў неабходную суму (490 рублёў) і 26 сакавіка выплаціў кампенсацыю заводу “Шкловалакно” па рашэнні суду аб вяртанні судовай пошліны. Тым не менш, у перыяд ад 28 сакавіка да 30 красавіка з рахункаў завадской пяршоўкі СПБ было спісана 129,30 рублёў.
Прафсаюз заўважыў крадзеж грошай толькі 2 траўня, а ўжо 3 траўня была выстаўленая прэтэнзія да заводу. Грошы прафсаюзу вярнулі праз тыдзень, 11 траўня.
“Лічу, што гэты факт не выпадковы, што гэта чарговыя дзеянні дзяржавы і яе агентаў, накіраваныя на знішчэнне свабоднага прафсаюзнага руху ў Рэспубліцы Беларусь”, – сказаў старшыня рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах.
“Мы расцэньваем гэта як крадзеж грошай прафсаюзу махлярскім чынам. Калі гэта не свядомае махлярства, то тады прафесійная некампетэнтнасць адразу групы людзей: заводзкіх юрыстаў, якія вырабілі “ліпавае” аплатнае патрабаванне; бухгалтараў заводу, якія не паведамілі аб звароце прафсаюзам судовай пошліны; банкаўскіх работнікаў, якія не праверылі, ці супадаюць даўжнiкі ў плацежным патрабаванні і ў судовым загадзе суду”, – выказаў сваё меркаванне прафсаюзны актывіст Віктар.
У скарзе ў полацкую пракуратуру прафсаюз рабочых ААТ “Полацак-Шкловалакно” просіць прыцягнуць службовых асобаў прадпрыемства да адказнасці за махлярства з крадзяжом грашовых сродкаў з банкаўскага рахунку прафсаюзу пры дапамозе махінацыі з судовым загадам.
Завадская юрыстка паведаміла, што яны памыліліся з рахункам, таму што паставіліся да прафсаюзу як да эканамічнага суб'екта. Не быў улічаны той факт, што ў прафсаюзе СПБ структурныя падраздзяленні не адказваюць па абавязках усяго прафсаюзу.
Паводле vitebskspring.org