Пяты раўнд Дыялога па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца ў Мінску

17 ліпеня ў Мінску Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь правядуць пяты раўнд двухбаковага Дыялога па правах чалавека.

eu4humanrights.png


Дэлегацыю ЕС будзе ўзначальваць Дзірк Шубель, кіраўнік аддзела па двухбаковых адносінах з краінамі Усходняга Партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Беларускую дэлегацыю будзе ўзначальваць Алег Краўчанка, намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У яе складзе будуць прадстаўнікі беларускага міністэрства замежных спраў ды іншых профільных міністэрстваў. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацый таксама прымуць удзел у абмеркаваннях.
Падчас пятага раўнда Дыялога паміж ЕС і Беларуссю бакі разгледзяць шырокі спектр пытанняў, звязаных з правамі чалавека і дэмакратыяй як у Беларусі, так і ў ЕС, і абмяркуюць супрацоўніцтва ў прасоўванні правоў чалавека на міжнародных пляцоўках, у тым ліку з дапамогай механізмаў ААН.
ЕС адводзіць пытанням правоў чалавека цэнтральнае месца ў сваіх знешніх адносінах і вядзе дыялогі па правах чалавека з многімі краінамі па ўсім свеце. Гэтыя дыялогі знаходзяцца ў падмурку знешніх адносін ЕС і з'яўляюцца ключавой часткай яго агульнай стратэгіі, накіраванай на спрыянне ўстойліваму развіццю і забеспячэнне міру і стабільнасці. У 2001 годзе Савет Еўрапейскага саюза прыняў Кіруючыя прынцыпы Дыялогаў па правах чалавека з трэцімі краінамі, якія былі перагледжаныя ў 2009 годзе. Трывала грунтуючыся на ўніверсальных нормах, палітыка ЕС у сферы правоў чалавека фармуецца на падставе сітуацыі, што складваецца ў кожнай канкрэтнай краіне. ЕС заўсёды імкнецца да канструктыўнага ўзаемадзеяння з трэцімі краінамі і таму працягвае пашыраць свае дыялогі па правах чалавека і кансультацыі з краінамі-партнёрамі, намагаючыся забяспечыць выніковасць гэтых дыялогаў. Кіруючыя прынцыпы Дыялогаў па правах чалавека прадугледжваюць актыўны ўдзел грамадзянскай супольнасці ў дыялогах па правах чалавека. Чацвёртая сустрэча ў рамках Дыялога па правах чалавека адбылася ў Брусэлі 20 ліпеня 2017 года.