Пазьняк: Я заўсёды падтрымліваў Трампа, лічу, гэта адзін з найлепшых прэзідэнтаў для ЗША

Разам з Паўлам Усавым, сваім намеснікам па руху «Вольная Беларусь», Зянон Пазняк сустрэўся з беларусамі — не абышлося без правакацый і згадвання агентуры.

Фота "Нашай Нівы"

Фота "Нашай Нівы"

На сустрэчу ў віленскім Доме нацыянальных культур на Гарбарнай (Raugyklos) сабралася дзясяткі чатыры чалавек, піша «Наша Ніва». Паслухаць патрыярха апазіцыі прыйшлі збольшага мужчыны, прычым немаладыя — адзінкі з аўдыторыі былі малодшыя за 40 гадоў. Тэма сустрэчы была абазначаная як будучыня Беларусі і перспектыва новай Еўропы.

Пазьняк узяў слова ледзь не ад пачатку сустрэчы – і гаварыў без перапынку больш за гадзіну. Дасведчаны аратар, ён і ў 80 гадоў цудоўна трымае ўвагу слухачоў.

Пачаў адразу з сутнасці: «Ідзе вайна, і вайна сур’ёзная, гібрыдная. Гэта вайна за выжыванне цэлых нацый, перш за ўсё Украіны і Беларусі. Дбаючы пра будучую вольную Беларусь, мы павінны правільна ацэньваць становішча, у якім мы цяпер: Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй і прарасейскім рэжымам Лукашэнкі, які фактычна выконвае ролю акупацыйнай адміністрацыі. Адбываюцца сістэмныя рэпрэсіі ўсяго беларускага ў палітычнай, культурнай, этнічнай і сацыяльнай сферах. Калі ў гэтай сітуацыі не будзе перамогі над расейскім Мордарам, то перспектывы незалежнасці, дэмакратыі і існавання не толькі Беларусі, але і Прыбалтыкі, і Украіны будуць змрочныя».

Палітык гаварыў пра тое, як вызваляць Беларусь. З гэтай мэтай Пазьняк лічыць перспектыўнай працу з палком Каліноўскага. Дадаткова адзначае: пакуль беларусы не зразумеюць, што Расія — наш вораг, мы не будзем мець перспектывы як краіна.

Далей Пазьняк перайшоў да будучыні незалежнай Беларусі. У тым, што лукашэнкаўскаму рэжыму прыйдзе канец, ён не мае сумневаў. На гэты час Зянон мае распрацаваную праграму — ён увогуле лічыць важным мець дакладныя планы на будучыню. Гэтую праграму ён і раскрываў на сустрэчы.

Медыцына, адукацыя, войска павінны забяспечвацца дзяржавай, паводле Зянона. Абавязкова павінна адбыцца люстрацыя, лічыць палітык, бо без люстрацыі будзе працяг, хоць і па-іншаму, карупцыі і сабатажу. Люстрацыя можа быць павольнай ці жорсткай, Зянон больш прытрымліваецца жорсткай пазіцыі: «Падыход павінен быць такі, каб пакараныя былі тыя, хто парушыў закон — здзейсніў карупцыйнае злачынства, забіў чалавека ці незаконна яго пасадзіў у турму, гэтым зоймецца следства. Але мы вымушаныя будзем працаваць і з той бюракратыяй, якая працавала ў час Лукашэнкі. Гэта таксама нашы людзі, яны прыстасоўваліся да жыцця, і яны будуць працаваць на новую сістэму, але кожны такі чыноўнік падпіша дэкларацыю пра супрацоўніцтва з новымі ўладамі, частка з іх будзе прыведзеная да прысягі».

Пазьняк лічыць важным улічваць геапалітычны статус Беларусі. Ён называе нашу краіну буферам паміж агрэсіўнай Расіяй і Заходняй Еўропай: «Калі пазбавімся ад Мордара, мы павінны дбаць пра тое, каб такое не паўтарылася. Нам важна развіваць сваю дзяржаву, але ў сучасным свеце жыць ізалявана вельмі цяжка. Мы павінны ўзаемадзейнічаць эканамічна і палітычна з усім светам, і ў першую чаргу з нашымі суседзямі».

Палітык мяркуе, што для новай Беларусі было б важна як мага хутчэй далучыцца да НАТО. Яшчэ адна прапанова Зянона — супольнасць Украіны, Беларусі, Латвіі і Літвы. У гэтым саюзе не было б межаў, а таксама было б магчыма аднавіць шлях паміж Балтыйскім і Чорным морам. Тады Беларусь магла б атрымліваць нафту і газ з поўдня і поўначы, што дазволіла б пазбегнуць эканамічнай і палітычнай залежнасці ад Расіі. На сёння ж Беларусь, кажа Пазняк, з’яўляецца стратэгічным плацдармам Расіі.

Перайшлі да пытанняў, і сярод іх былі розныя — ад праблемы амністыі капіталу да таго, што Пазьняк думае датычна будучых прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.

«Я заўсёды падтрымліваў Трампа, лічу, што для Амерыкі гэта адзін з найлепшых прэзідэнтаў. Ён каласальна панізіў беспрацоўе — такога ўзроўню беспрацоўя ў ЗША ніколі не было, — спрыяў амерыканскаму бізнесу. У Другую сусветную вайну Амерыка працавала ў тры змены, днём і ноччу, бо ўсе фабрыкі былі на яе тэрыторыі, а цяпер яны ўсе ў Кітаі. Трамп — добры бізнесмен, ён некалькі разоў цярпеў банкруцтвы і выплыў».

Зянон апісвае Трампа як палітыка, здольнага да рашучых дзеянняў, і як доказ прыводзіць забойства іранскага ваеннага дзеяча Касема Сулеймані, звязанага з падтрымкай групіровак ХАМАС і «Хезбала». Сулеймані загінуў пасля авіяўдару амерыканцаў.

Пазьняк лічыць, што перамога Трампа на выбарах спрыяла б і канцу расійска-ўкраінскай вайны — маўляў, Трамп ведае, як гэта хутка зрабіць. Зрэшты, Зянон сказаў, што і сам ведае, як скончыць вайну за дзень-два, але адмовіўся казаць, як канкрэтна.


Глядзіце таксама

На сустрэчу прыйшоў і Жыльвінас Світоюс — літоўскі блогер, які часта наведвае беларускія мерапрыемствы ў Вільні і задае выступоўцам пытанні, якія нібыта павінны выкрыць іх сувязь з ваяўнічым «ліцвінізмам». Яго пытанне было звязанае з тым, што Пазняк называе Літву Летувай — так, як гэта прынята ў тарашкевіцы.

Світоюс запытаўся ў палітыка па-ўкраінску, навошта той вырашыў змяніць назву Літвы. Цікава, што з падобным пытаннем блогер звяртаўся ў сакавіку і на сустрэчы з гісторыкам Уладзімірам Арловым, і той эпізод скончыўся сваркай. І ў гэты раз літовец паводзіў сябе эмацыйна: яму патлумачылі, што Літва і Летува — два варыянты назвы краіны, якія можна выкарыстоўваць у беларускай мове, і што беларусы не навязваюць літоўцам і літоўскай мове такую назву краіны.

Пазьняк адзначыў, што называць так Літву — права беларусаў, Жыльвінас парыраваў: «Наша права — каб вас (Зянона Пазняка) тут больш не было!» Літоўца паспрабавалі вывесці, але ж той спыніўся на некалькі хвілін, каб назваць і Пазняка, і ўсіх беларусаў у зале фашыстамі.

Сварка відавочна закранула палітыка за жывое.

Пазней, калі блогер пакінуў залу, Зянон паразважаў пра стаўленне Літвы да беларусаў, поўнае абмежаванняў — ён называе яго няправільным. Тлумачэнне простае: «Гістарычна мы былі суседзямі. І калі гэта будзе паламанае, калі з беларусаў будуць рабіць ворагаў, гэта дае магчымасць Пуціну і расейцам стаяць у Беларусі, іх уплыў павялічваецца. А што гэта значыць, калі Пуцін стаіць у Беларусі, у Ашмянах і ў Гродне? Гэта пагроза для ўсёй Прыбалтыкі, таму я здзіўляюся такой палітыцы, шкоднай для Літвы».

Пазьняк згадаў канец 80-х — пачатак 90-х, часы супрацы БНФ і літоўскага руху «Саюдзіс», што некалі спрыяла незалежнасці Літвы. Ён адзначае, што ў Беларусі і Літвы супольны геапалітычны вораг — Расія, нагадвае пра гістарычнае адзінства Беларусі і Літвы, а таксама выступае за добрасуседства паміж краінамі.

А цяперашнія абвінавачванні ў бок беларусаў у ваяўнічым ліцвінізме, на думку Пазьняка, з’яўляюцца часткай гібрыднай вайны Расіі і працай расійскай агентуры.

Сустрэча зацягнулася на дзве з паловай гадзіны, Пазьняк асобна падзякаваў усім, хто пратрымаўся да канца. А на развітанне адзначыў, што пытанні з літоўцамі «мы ўладкуем», тым больш што Захаду патрэбная дэмакратычная Беларусь як буфер з Расіяй:

«Мы ў цяжкім стане — нас акупавалі, нас выгналі, забралі нашу маёмасць, пазаводзілі крымінальныя справы. Дапамажыце нам — і тады мы дапаможам вам».