Паўла Севярынца перавялі ў СІЗА на Валадарскага
Пра гэта напісала ў фэйсбуку жонка палітыка Вольга Севярынец.
«Паша на Валадарцы, сёння падцвердзілі. Я паціху разбіраюся з тонкасцямі перадачак у новае месца. Напісала Пашу першы ліст, доўгі-доўгі. Спадзяюся, яму там палепей будзе, кажуць, на Валадарцы прагулкі 1,5-2 гадзіны, матрас з падушкай, душ, папера і асадка — проста рай пасля Акрэсціна. Не пакідае адчуванне, што мы хутка ўбачымся», — напісалаВольга Севярынец.
Нагадаем, 20 жніўня стала вядома, што на Паўла Севярынца заведзеная крымінальная справа. Пазней удакладнілі артыкул: 293 (масавыя беспарадкі). Палітыка змагла наведаць адвакатка, па яе словах, ён выглядае нармалёва, трымаецца, яго не краналі.
Павел Севярынец быў затрыманы яшчэ 7 чэрвеня пасля ўдзелу ў мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, цягам лета там у яго абылося некалькі новых судоў, дзе палітыку дадавалі ўсё новыя суткі адміністрацыйнага арышту. Севярынец павінен быў выйсці на волю 21 жніўня, але напярэдадні стала вядома пра завядзенне на яго крымінальнай справы.