Пасол Беларусі ў Аргенціне адмовіўся працаваць на асобу, «якая не мае права выказваць волю народу»
Пасол Беларусі ў Аргенціне Уладзімір Астапенка падаў у адстаўку ў дзень таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі, 23 верасня. Але днямі ён заяву адклікаў, і падаў новую заяву — аб звальненні ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства.
«Пасля інаўгурацыі, 23 верасня, я падаў заяву аб вызваленні ад займаемай пасады паводле пагаднення бакоў у адпаведнасці з п. 1 часткi другой артыкула 35 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ніякай рэакцыі на гэта не атрымаў. Цяпер я гэтую заяву адклікаў і 27 кастрычніка падаў новую, з патрабаваннем вызваліць мяне ад пасады пасла ўжо на падставе артыкула 41 — у сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства, якія перашкаджаюць выкананню маёй працы па працоўнай дамове», — сказаў Уладзімір Астапенка, якога цытуе Tut.by.
Ён лічыць, што цэлы шэраг дзеянняў наймальніка стварае аб’ектыўныя ўмовы для непрызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы і міжнароднай ізаляцыі Беларусі.
У прыватнасці, на ягоную думку, дапушчаныя:
шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах;
відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, што стала прычынай іх непрызнання 27 дзяржавамі-чальцамі Еўрасаюзу, Вялікабрытаніяй, ЗША, Канадай, Украінай і іншымі краінамі;
неапраўдана жорсткая рэакцыя органаў унутраных спраў (ужыванне празмернай сілы і спецсродкаў) у адказ на законныя акцыі мірнага пратэсту;
неправамернае зацягванне прыняцця рашэнняў аб узбуджэнні крымінальных спраў па фактах забойстваў, катаванняў, гвалту, масавых збіванняў, адвольных затрыманняў, ілжывых сведчанняў з боку праваахоўных органаў;
невыкананне патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававых звычаяў, якія прадугледжваюць неабходнасць забеспячэння максімальнай публічнасці пры арганізацыі цырымоніі прэзідэнцкай інаўгурацыі.
«Адсутнасць міжнароднай легітымнасці кіраўніка дзяржавы не дазваляе мне і як дыпламату, і як патрыёту сваёй краіны працягваць добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў пасла, знаходзячыся ў падначаленні ў асобы, якое не мае права выказваць волю беларускага народа», — тлумачыць Астапенка.
Уладзімір Астапенка — карʼерны дыпламат, пачынаў сваю працу трэцім сакратаром МЗС Беларускай ССР. Займаў пасаду намесніка міністра замежных спраў, працаваў у шэрагу пасольстваў. У 2018 годзе быў прызначаны паслом Беларусі ў Аргентынскай Рэспубліцы, а пазней — паслом у Чылі, Парагваі і Перу па сумяшчальніцтве.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў шэраг дыпламатаў пакінулі МЗС з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі, агучанай публічна. Пасад і / або дыпламатычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Іспаніі, Латвіі і Славакіі.
Супрацоўніка цэнтральнага апарата, начальніка гісторыка-архіўнага аддзялення МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі са знешнепалітычнага ведамства па артыкуле, кіраўнік дэпартаменту Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўлення Еўропы МЗС Павел Слюнькін самі сышлі ў адстаўку.