Партыя БНФ асуджае адмову ў візе Міклашу Харасці
Сойм Партыі БНФ асудзіў адмову беларускага боку выдаць візу Спецыяльнаму дакладчыку Савета па правах чалавека ААН Міклашу Харасці. "Мы адзначаем, што рашэнне беларускіх уладаў адмовіць у выдачы яму візы з'яўляецца неканструктыўным, наносіць шкоду як сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, так і перспектывам дыялогу паміж нашай краінай і вольным светам, узмацняе ізаляцыю Беларусі", — кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
— Сойм Партыі БНФ заклікае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь запрасіць Міклаша Харасці ў Беларусь і выдаць яму беларускую візу. Гэты зварот будзе накіраваны ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама самому спадару Харасці.
У прынятай па гэтым пытанні рэзалюцыі вітаецца намер Міклаша Харасці ўсебакова, неперадузята і аб'ектыўна даследаваць становішча ў Беларусі, у тым ліку і асабіста наведаўшы краіну дзеля збору інфармацыі пра становішча з правамі чалавека.
На Сойме Партыі БНФ былі таксама абмеркаваныя пытанні пра святкаванне Дня Волі — 95-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, падрыхтоўкі да мясцовых выбараў і сітуацыю, якая складваецца ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы краіны.
racyja.eu