Дзень Волі з народнымі гуляннямі і святочным канцэртам

Да галоўнага свята дэмакратычнай грамадскасці — Дня Волі, застаўся месяц. Як паведамілі сёння на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі аргкамітэта па святкаванні 95-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, праграма мерапрыемстваў да гэтай даты сапраўды святочная. Абы гэтае свята ніхто не сапсаваў.



1332359811.jpg

У гэтым годзе святкаванне пройдзе на дзень раней, чым наступіць сама дата. У сувязі з тым, што 24 сакавіка — гэта нядзеля. Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца менавіта ў гэты дзень. Арганізатарамі святкавання ужо пададзеныя адпаведныя заяўкі на шэсце і мітынг у Мінгарвыкнкам, і ўжо "заказана" заля для святочнага канцэрту.

"Народныя гулянні" павінны адбыцца ўдзень. Збор удзельнікаў шэсця і мітынгу — а 12-й гадзіне на пляцоўцы перад Батанічным садам. Відавочна, што месца збору арганізатары змянілі з меркаванняў бяспекі — раней збор удзельнікаў акцыі праходзіў каля будынка Прэзідыума Акадэміі навук. Аднак у мінулым годзе на скрыжаванні вуліцы Сурганава і праспекта Незалежнасці з боку Акадэміі навук былі ліквідаваныя наземныя пешаходныя пераходы. І зараз, каб перайсці на Сурганава, трэба спускацца ў падземны пераход. Каб не ўзнікла цісканіны, аргкамітэт вырашыў выбраць месца там, дзе падземныя пераходы адсутнічаюць.

Зважаючы на нешматлікасць апошнім часам удзельнікаў вулічных акцый апазіцыі, ды й малую колькасць гэтых вулічных акцый увогуле, арганізатары не хаваюць, што плануюць у час святкавання крыху расшкуматаць памяркоўных беларусаў. Паводле словаў старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, гэтая акцыя патрэбна на тое, каб вярнуць апазіцыі вуліцу.

Паводле яго слоў, улада пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ўсяляк душыла нават намёк на вулічныя пратэсты. "І яна дамаглася таго, што мы, дэмакраты, практычна страцілі вуліцу. Пікеты не дазваляюць, масавыя акцыі забараняюць. Нават за раздачу на вуліцы улётак, што абсалютна легальна, прыцягваюць да адказнасці, даводзячы сітуацыю да абсурду. Нам трэба паказаць, што нас шмат. Нам важна адчуць плячо аднадумцаў. Дзве траціны насельніцтва цяпер не давяраюць уладзе, нас канстытуцыйная большасць, і мы павінны проста паглядзець адзін на аднаго, і пераканацца ў тым, што нас шмат ", — лічыць Лябедзька.

Паспяховая вулічная акцыя, па меркаванні Лябедзькі, павінна "вылечыць" народ ад "самацэнзуры" і ізноў пераканаць яго, што "Горад наш!", хаця б Мінск.

Але ў гэтым абуджэнні апазіцыя больш не разлічвае выключна на свае сілы і сваіх актывістаў. Ачомацца ад зімняй спячкі, па меркаванні яшчэ аднаго ўдзельніка аргкамітэту, палітыка, старшыні аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларускі рух" Віктара Івашкевіча, павінен сам народ. Згодна ягоных слоў, кожны можа і павінен стаць сябрам аргкамітэту па святкаванні Дня Волі.

"Некалькі сот тысяч людзей у тыдзень наведваюць апазіцыйныя сайты. І пытанне толькі ў тым, што чалавек персанальна зробіць для таго, каб свята адбылося. У нас не будзе масавай улёткавай кампаніі — прадугледжаны для інфармавання насельніцтва толькі не вельмі вялікі наклад налепак. Усе ўлёткі, сімволіка Дня Волі, будзе размешчаная на сайтах дэмакратычнай скіраванасці. З сайта любы можа спампаваць ўзор улёткі і раскідаць яе па паштовых скрынях суседзяў . Не чакайце, што арганізатары вам дадуць у рукі бел-чырвона-белы сцяг — пашыйце яго самі. Хочацца несці транспарант? Зрабіце яго самастойна! І калі Дзень Волі не адбудзецца, гэта ваша асабістае паражэнне — гэта ўсё таму, што вы вялі сябе пасіўна , пісалі каменты ў інтэрнэце, замест таго, каб выйсці на вуліцу ", — кажа Івашкевіч.

Дарэчы, адказныя за "крэатыў" у сацыяльных сетках і інтэрнэце — моладзевая суполка кампаніі "Гавары праўду!" — "Zмена". Таму варта чакаць цікавых малюнкаў і запрашальнікаў.

Сам лідэр кампаніі "Гавары праўду!", і таксама адзін з сябраў аргкамітэту па святкаванні Дня Волі, Уладзімір Някляеў, таксама прапануе не сядзець на канапе. "Не пішыце ў інтэрнэце, што маўляў, зноў пайшлі на Бангалор, ізноў усё дрэнна, ізноў усё не атрымаецца. Лепш самі станьце удзельнікамі аргкамітэта, прапануйце нам нешта лепшае, прыходзьце самі і прыводзьце сяброў. Тады гэта будзе свята", — кажа Някляеў.

Увогуле, Дзень Волі ён параўнаў з вяселлем. "Калі цябе запрасілі сябра, і ты не пайшоў — няма для цябе вяселля і няма свята. А калі з'явіўся — ёсць і вяселле, і свята". Таму, па словах Някляева, дэмакратычнай грамадскасці трэба вылезці з форумаў і абмеркаванняў, і не крычаць. Што ўсё дрэнна. "Там і без нас хапае Гбшных троляў, якія будуць крычаць "дрэнна" і заставацца на канапе", — адзначыў Някляеў.

І яшчэ адзін істотны момант. Паводле Някляева, свята павінна выходзіць за межы Мінска. У сувязі з гэтым ён заклікаў актывістаў дэмакратычных арганізацый у гэты дзень у рэгіёнах прыдумляць свае мерапрыемствы. "Напрыклад, можна ўскласці кветкі да помнікаў нацыянальных герояў, пісьменнікаў, паэтаў нацыянальнага адраджэння. Хоць цяпер і за несанкцыянаванае ўскладанне кветак таксама караюць адміністрацыйнымі штрафамі, усё роўна гэта можна зрабіць", — адзначыў Някляеў.

Другая частка — святочны канцэрт — павінна адбыцца ў залі Палаца Культуры МТЗю Плануецца, што калі залю дадуць. То спачатку перад людзьмі выступяць вядомыя гісторыкі і дзеячы, якія распавядуць, што такое БНР у сучасным значэнні гэтага слова, і палітыкі. А потым адбудзецца канцэрт гуртоў з "чорных спісаў".

Планы арганізатараў Дня Волі дастаткова амбіцыйныя. Аднак, вяртаючыся да алегорыі Някляева, то некаторыя лічаць, што вяселля без бойкі не бывае. Сапраўды, увесь час улады спрабавалі сарваць Дзень Волі, то забараняючы шэсце, то канфіскуючы гукаўзмацняльную апаратуру, то "замінаваўшы" залю будынка, то прыдумляючы яшчэ што-небудзь.

У гэтым выпадку, прызналіся арганізатары, ніякіх рэзервовых варыянтаў правядзення свята ў іх няма. Як адзначыў кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, аргкамітэт незалежна ад таго, дазволяць шэсце і мітынг, ці не, з раніцы 24 сакавіка ускладзе кветкі да помнікаў Янкі Купалы і Якубу Коласу. "Калі ўлады забароняць шэсце і мітынг, мы будзем заклікаць людзей зрабіць тое ж самае. Іншых варыянтаў у нас няма", — адзначыў Янукевіч.

Але адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі зважае на вельмі прадстаўнічы аргкамітэт, у які ўвайшлі БХД, БНФ, АГП, Рух "За Свабоду", "Гавары праўду!" "Беларускі рух" Рада інтэлігенцыі і іншыя. На ягоную думку, адмовіць арганізатарам адсвяткаваць Дзень Волі — гэта значыць справакаваць несанкцыянаваныя дзеянні актывістаў. І вось тады можа быць "драка на вяселлі". Таму ўлада на гэта наўрад ці пойдзе. Лепш дазволіць свята, тым больш, што нічога незвычайнага арганізатары не патрабуюць.