Партыя БНФ рыхтуецца да мясцовых выбараў
Выбары ў мясцовыя савету адбудуцца ў 2014, а магчыма, нават і ў 2013 годзе. Па словах намесніка старшыні арганізацыі Рыгора Кастусёва, Партыя БНФ распрацавала канцэпцыю па ўдзеле ў выбарах. Яе прынялі за аснову і цяпер цягам месяцу дакумент абмяркуюць у рэгіёнах.
“Ва ўправу будуць паступаць прапановы, і на наступным сойме з улікам прапаноў з рэгіёнаў мы гэтую канцэпцыю будзем прымаць цалкам”, — сказаў спадар Кастусёў Радыё Рацыя.
Пры гэтым асаблівага аптымізму наконт вынікаў новай выбарчай кампаніі ў партыйцаў няма.
"Мы не чакаем, што гэтая сітуацыя зменіцца. І Лукашэнка, і Ярмошына казалі, што ніякіх зменаў у беларускім выбарчым заканадаўстве не будзе. Трэба сыходзіць з гэтага", —
кажа Рыгор Кастусёў.
Па яго словах, важна скарыстаць мясцовыя выбары як чарговы этап падрыхтоўкі да прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.