Неўміручасць ідэалаў

На змену фрустрацыі ў беларускай палітыцы паступова прыходзіць дзеянне, але выглядае яно трохі ірацыянальным. Застаюцца размовы пра выбары — цяпер ужо парламенцкія — хаця выбараў няма, пра дыялог з уладай, хаця намеру сядаць за стол перамоў, абмяркоўваць з апазіцыйным лагерам наяўны стан рэчаў рэжым, відавочна, не мае.



69295f5f6bd7d1a08da4919b5bb95bff.jpg

На змену фрустрацыі ў беларускай палітыцы паступова прыходзіць дзеянне, але выглядае яно трохі ірацыянальным. Застаюцца размовы пра выбары — цяпер ужо парламенцкія — хаця выбараў няма, пра дыялог з уладай, хаця намеру сядаць за стол перамоў, абмяркоўваць з апазіцыйным лагерам наяўны стан рэчаў рэжым, відавочна, не мае.
І ўсё ж у дзеянні ёсць сэнс. Прынамсі яно выцясняе з палітычнага поля пах адчаю і наканаванасці. Круглы стол «Напярэдадні новага палітычнага сезона» з удзелам палітычных аналітыкаў, кіраўнікоў арганізацый трэцяга сектару паказаў, што жыццё засталося. Але, калі гаварыць словамі палітолага Уладзіміра Мацкевіча, «у Беларусі многа маленькіх атрадзікаў, якія ў выпадку чаго кідаюць адзін аднаго і пераходзяць на бок гледачоў». Адзінства ідэй і поглядаў на тое, якой мусіць быць стратэгія дзеянняў апазіцыі, няма.
«Ён змагацца да апошняга»
Палітолаг Алесь Лагвінец бачыць заканамернасць і ў імітацыі дэмакратызацыі да выбараў, і ў адкаце назад пасля — характэрная цыклічнасць беларускай палітыкі: паслабленні і «халодны душ».
«У 2006 і 2010 гадах частым словам у лексіконе палітыкаў была «Плошча». Мелі месца эйфарычныя настроі наконт таго, што Плошча будзе месцам, дзе вызначыцца, хто галоўны ў апазіцыі, стане мерай папулярнасці апазіцыйных сілаў, а таксама прымусіць рэжым да перамоў ці сыходу, — зазначае палітолаг. — Але колькасна ў палітычнай кампаніі 2010 года людзей больш не стала. Засталася нізкая мабілізаванасць да назірання. Рэакцыя на прапаганду рэжыму ці тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, не была дастаткова актыўна-негатыўнай, грамадства не стварала сацыяльнага ціску, каб прыхільнікі Лукашэнкі саромеліся гэтага. Нават патэнцыйна дэмакратычна скіраванае грамадства актыўна зрэагавала толькі ў адзін дзень —19 снежня, зладзіўшы так званы «парад сярэдняга класу». Выйшлі людзі, якія кіраваліся сваімі каштоўнасцямі, а не эканамічным чыннікам, але ночы рэпрэсій хапіла, каб заціснуць гэтую актыўнасць».
Алесь Лагвінец канстатуе, што «ўдар па дэмакратычных сілах быў вельмі моцным», і прычына гэтага ў тым, што «сённяшняму кіраўніку трэба даказаць, што ён вераемны і будзе змагацца да апошняга, што ёсць мяжа, якую ён не дасць пераступіць, пакуль кантралюе сітуацыю».
Палітолаг бачыць тры варыянты развіцця падзей. Азербайджанскі — дыктатар перадасць уладу свайму пераемніку, апазіцыя будзе існаваць на ўзроўні дысідэнтаў, а грамадства знаходзіцца ў расцярушаным стане. Аўтарытарны рэжым у той ці іншай форме застаецца. Румынскі — адбудзецца непрагназаваны пратэст пад ціскам эканамічных фактараў, да ўлады прыйдуць прадстаўнікі наменклатуры, што атрымаюць падтрымку ў суседніх сталіцах. З часам гэта можа прывесці да дэмакратычных зменаў. Польскі варыянт — палітычныя сілы яднаюцца, каб салідарна выставіць свае патрабаванні рэжыму.
«Рэжым не мае шырокай падтрымкі, але і апазіцыя таксама, — канстатуе палітолаг Алесь Лагвінец. — Маем вотум недаверу да эканамічнай палітыкі, але ёсць і вотум недаверу да дэмакратычных сілаў. Я не ведаю прыкладаў страйкаў у салідарнасць з палітвязнямі на прадпрыемствах, ва ўніверсітэтах».
Стратэгія–2012
Аналітык партала Wider Europe Вячаслаў Пазняк не з’яўляецца прыхільнікам радыкальных сцэнараў дзеяння.
«Перспектывы радыкальных пераменаў для асноўнай масы насельніцтва не абяцаюць нічога добрага. Думаю, многія чулі меркаванне, што Беларусі не патрэбная люстрацыя, не патрэбная непрафесійная новая вертыкаль. Адпаведна, народ чакае найперш сацыяльнай стабільнасці, — разважае Пазняк. — Не думаю, што правільна было б ставіць задачу звяржэння ўлады перад даволі аморфнай часткай грамадства, прапанаваць ёй узяць на сябе функцыі, што традыцыйна выконваюць палітычныя партыі. Трэба забяспечыць захаванне таго, што накапілася, набіраць салідарнасці і глядзець у кірунку, што арганізацыі могуць зрабіць, каб на парламенцкіх выбарах да ўлады прыйшлі прагрэсіўна думаючыя людзі».
Прыход «прагрэсіўна думаючых людзей» плануецца восенню 2012 года, калі мусяць адбыцца парламенцкія выбары, аднак выпускаецца з поля зроку той факт, што дапускаць у калідоры ўлады нават адзінкі такіх людзей няма ў планах рэжыму Лукашэнкі. Што прымусіць змяніць кірункі афіцыйнай палітыкі — не зразумела.
Дырэктар Цэнтра еўрапейскіх трансфармацый палітолаг Андрэй Ягораў прадставіў «Стратэгію–2012: ад дыялогу ўнутры дэмакратычных сілаў да дыялогу з рэжымам». Праграма, трэба прызнаць, прапісаная няблага, але зноў-такі не зразумела, якія «дывізіі» прымусяць улады выканаць прапанаваную апазіцыяй стратэгію. Што слушнае — тэза аб тым, што апазіцыі трэба аб’яднацца вакол нейкай адной ідэі. І падчас дыялогу з уладамі дамагчыся правядзення свабодных і дэмакратычных парламенцкіх выбараў, на якіх апазіцыя мусіць заваяваць 15–20% месцаў у парламенце.
І тут да месца заўвага выдаўца Пятра Марцава: «А чаму вы мяркуеце, што яны (улады) сядуць размаўляць з вамі?» «Стратэгія добрая, і схема нядрэнная, але з людзьмі, якія шмат гадоў крытыкавалі Лукашэнку, ён за стол перамоваў не сядзе. Больш таго, палова з іх цяпер у турме. Чаму вы думаеце, што яны хутка выйдуць?» — задаваўся рытарычнымі пытаннямі Марцаў. Ён не бачыць канчатковай кропкі ў пабудове «кіруемай дэмакратыі», як і ў планах уладаў стварыць новую апазіцыю. «Жорсткая зачыстка палітычнага поля можа азначаць канчатковае «не» старой палітычнай апазіцыі. Улады могуць пачаць гарадзіць трохпартыйную ці аднапартыйную сістэму. Калі ўжо ёсць факт, што пратэстны электарат значна шырэйшы за апазіцыйны, значыць, трэба працаваць над аналізам ідэй, што могуць прыцягнуць людзей. І я б рэкамендаваў тэхналогію пошуку аднадумцаў і стварэння новай буйной палітычнай сілы. Ёсць вялікі рэсурс з тых, хто хоча дзеянняў і шукае прымянення сабе», — рэзюмаваў Марцаў.
Стратэгію дзеянняў апазіцыі планавалася абмеркаваць падчас прадстаўнічай канферэнцыі «Роля і месца грамадзянскай супольнасці ў стратэгіі будучыні», якая павінна была адбыцца 18–19 сакавіка. Аднак і Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам, адным з заснавальнікаў якога з’яўляецца Мінгарвыканкам, і гатэлем «Краўн Плаза» аргкамітэту было адмоўлена ў памяшканні. Канферэнцыю перанеслі на красавік.