Надзея Каткавец прызначана намеснікам кіраўніка спраў прэзідэнта

Адпаведны ўказ кіраўнік дзяржавы падпісаў 5 ліпеня.



kotkoviec.jpg

Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў указ аб вызваленні Іосіфа Роліча ад пасады намесніка кіраўніка спраў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з пераходам на іншую работу, паведамляе БелТА

Надзея Каткавец нарадзілася ў 1960 г. у Іванаўскім раёне. У 1987 г. скончыла Сельгасінстытут у Горках.

 

З 1987 па 1995 год — галоўны эканаміст, старшыня кааперытыва саўгаса «Гарадзец» у Шклоўскім раёне, якім нейкі час кіраваў Лукашэнка.

З 1995 па 2003 год — дырэктар РУЭДСГП «Усход» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Працавала з 2003 года на пасадзе намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь,

 

а з 2004 года па красавік 2010 г. — першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

З красавіка 2012 г. яна была дырэктарам дэпартамента аграпрамысловай палітыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Пра сваю сям'ю Надзея Каткавец у інтэрв'ю «Звяздзе» казала: «Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы.

 

Большую частку свядомага жыцця адпрацавала ў сельскай мясцовасці: эканамістам, бухгалтарам, старшынёй гаспадарак.

І толькі апошні час я ўмоўна гарадскі жыхар. Бо і лад жыцця, і праблемы, і працоўныя моманты — усё адназначна звязана з вёскай. Мая мама жыве пад Мінскам, у вёсцы Атоліна. І я, хоць і маю кватэру ў Мінску, усё роўна на выхадныя прыязджаю менавіта туды. Часта бываем мы і ў бацькоўскім доме ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Там такая цудоўная прырода! Побач з вёскай два возеры з чыстай вадой. На адным з іх дагэтуль жывуць лебедзі. Недалёка лес, рака Ясельда».

nn.by