На ўгодкі разгону Плошчы ЗША нагадалі Мінску пра правы чалавека

19 снежня 2010 года ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у беларускай сталіцы прайшла масавая дэманстрацыя, сотні людзей былі затрыманыя.



strike21191210.jpg

Злучаныя Штаты нагадалі ўладам Беларусі пра неабходнасць шанаваць правы чалавека. Адзначаецца, што гэта асабліва важна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія мусяць прайсці ў нашай краіне ў 2015 годзе. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніцы прэс-службы дзярждэпартамента ЗША Джэн Псакі. Яна была распаўсюджана з нагоды чарговай гадавіны масавай дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня 2010 года, якая была жорстка разагнана, а сотні людзей затрымалі.

"Мы памятаем тых, хто дагэтуль несправядліва ўтрымліваецца ў турме, і заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, а таксама павазе іх палітычных і грамадзянскіх правоў", — цытуе словы прадстаўніцы дзярждэпартамента ЗША партал tut.by.

Нагадаем, у Беларусі на сённяшні дзень застаецца 5 палітвязняў, а сярод іх экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч.

Псакі таксама паведаміла, што ЗША заклікаюць улады Беларусі "паважаць сумесную заяву ад 2010 года", у якой падкрэсліваецца вялікае значэнне правоў чалавека як для грамадзян рэспублікі, так і "для паляпшэння двухбаковых адносінаў".

"Большая павага дэмакратыі і правоў чалавека будзе спрыяць росквіту і эканамічнаму росту Беларусі, а значыць — умацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці, якія карыстаюцца безумоўнай і рашучай падтрымкай Злучаных Штатаў", — заявіла Джэн Псакі.

strike08191210.jpg

Фота — bymedia.net




euroradio.by