На Рыгора Кастусёва склалі пратакол за Дзень Волі
13 красавіка намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў па пошце копію пратакола аб адміністратыўным правапарушэнні. Падставай для прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці сталася сёлетняя акцыя на Дзень Волі ў Мінску, арганізатарам якой выступіў палітык.
У пратаколе, складзеным РУУС Савецкага раёна Мінску, адзначана, што Рыгор Кастусёў 25 сакавіка, у 18.40 узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу чым здзейсніў правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях "Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў".
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў наступным чынам пракаментаваў факт прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці:
"Я лічу абвінавачанні ў правядзенні несанкцыянаванага мітынгу беспадстаўнымі, паколькі мы як заяўнікі акцыі на Дзень Волі атрымалі дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне дэманстрацыі і мітынгу. Аніякіх прэтэнзіяў з боку міліцыянтаў у часе збору ўдзельнікаў каля кінатэатра "Кастрычнік" не было.
Арыштаў за акцыі не даюць, але ў любы момант гэтая палітыка можа быць змененая на больш жорсткую. Самі абмежаванні для свабоды сходаў засталіся ранейшыя, таксама па-ранейшаму незаконныя адмовы ў правядзенні мірных акцыяў і пераслед арганізатараў", — адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ.
Палітык выказаў упэўненасць, што дзесяткі адміністратыўных штрафаў выносяцца ўладамі не толькі дзеля таго каб папоўніць бюджэт за кошт апазіцыі, але і каб суцішыць патэнцыйных удзельнікаў акцыяў пратэсту:
"Людзі бачаць, што нават за дазволеную акцыю на Дзень волі, якая адбылася годна і без эксцэсаў, удзельнікаў караюць штрафамі. Магчыма, улады разлічваюць, што ў сённяшняй складанай эканамічнай сітуацыі, пры страшэнным збядненні насельніцтва, для кагосьці гэта стане прычынай, каб устрымацца ад удзелу ў наступных акцыях", — сказаў Рыгор Кастусёў.
Пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за Дзень Волі 25 сакавіка таксама склалі і на старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча. Дата судовага разгляду справаў у дачыненні да абодвух палітыкаў пакуль невядомая.
Варта адзначыць, што пратакол у дачыненні да Рыгора Кастусёва складзены надзіва неразборлівым почыркам. Ня дзіва, што павестка на азнаямленьне з пратаколам, атрыманая спадаром Кастусёвым, была адрасаваная "Костерову Григорию Андреевичу".
Рыгор Кастусёў выказаў абурэнне завочным складаннем адміністратыўнага пратакола, што груба парушае яго правы і парадак адміністратыўнай вытворчасці, устаноўлены працэсуальна-выканаўчым Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях.
Паводле прэс-службы ПБНФ