МЗС Беларусі і Украіны ўзнаўляюць кантакты пасля «значнага перапынку»

26 лютага ў Мінску пройдуць кансультацыі паміж замежнапалітычнымі ведамствамі Беларусі і Украіны. Пра гэта сёння паведаміў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітры Мірончык, адзначае Радыё Свабода.

dyplom.jpg

«Зыходзім з таго, што правядзенне кансультацый паміж МЗС, якія адбудуцца пасля значнага перапынку, дазволіць аднавіць практыку аператыўнага ўзаемадзеяння замежнапалітычных ведамстваў дзвюх краінаў», — сказаў Мірончык.
Беларускі бок на перамовах ачоліць першы намеснік міністра Андрэй Еўдачэнка, украінскі — намеснік міністра Васіль Боднар. Дыпламаты абмяркуюць узаемадзеянне ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах. Асобнае пытанне — падрыхтоўка да першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які сёлета адбудзецца ў Гомлі.
За апошнія два гады Беларусь і Украіна пераадолелі негатыўную тэндэнцыю ва ўзаемным гандлі, якая намецілася ў 2013 годзе. Летась таваразварот дасягнуў 4,6 мільярда даляраў. Украіна стала другім паводле значнасці сярод усіх замежных гандлёвых партнёраў Беларусі.
На пытанне, ці будуць удзельнікі кансультацыяў разглядаць становішча ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, спадар Мірончык адказаў, што фармат кансультацый прадугледжвае самы шырокі парадак дня.
«Мы не будзем ні ў чым абмяжоўваць нашых украінскіх калег. Што тычыцца беларускага боку, то мы далі пляцоўку для перамоваў яшчэ ў 2014 годзе і з таго часу працуем над замірэннем ва Ўкраіне», — сказаў прадстаўнік МЗС.