Што можа паскорыць інфляцыю ў Беларусі?
Старэйшы аналітык Альпары Вадзім Іосуб аб стварэнні грошай з паветра і кепскім выкарыстанні банкаўскіх сродкаў.
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) лічыць, што рост спажывецкіх цэн у Беларусі у 2018 годзе можа паскорыцца. У 2017 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 4,6%, у 2018 годзе ёсць рызыка перавышэння мэтавага арыентыру інфляцыі ў 6%.
— Ці існуе рэальная рызыка росту інфляцыі ў нашай краіне?
— Рызыкі паскарэння інфляцыі ёсць і яны досыць відавочныя. Па-першае, гэта планы па росце адміністрацыйна усталяваных коштаў — тарыфы на паслугі ЖКГ, на грамадскі транспарт, на працягу года магчымы і рост коштаў на бензін. Толькі дзякуючы гэтаму інфляцыя будзе вышэйшая за леташнюю, а магчыма, і вышэй мэты, якую закладвае Нацбанк у 6%, гэта можа быць у дыяпазоне 6-7%.
Другая рызыка менш відавочная і зразумелая — далейшыя паводзіны ўладаў у галіне даходаў: наколькі інтэнсіўна ў бягучым годзе будзе выкарыстоўвацца адміністрацыйны рэсурс у штучным росце заробкаў, ці працягнецца гэты рост тэмпамі, апераджаючымі рост прадукцыйнасці працы, як гэта было ў мінулым годзе.
Ёсць ужо асобныя прыклады, калі міністэрства даводзяць планы дзяржпрадпрыемствам па росце сярэдніх заробкаў. Фігуруюць лічбы, што рост павінен перавысіць 20%. І калі гэтая практыка будзе выкарыстоўвацца актыўна і масава, то інфляцыя можа перавысіць і 7%.
— З якіх сродкаў улады збіраюцца фінансаваць рост заробкаў?
— Дакладнага адказу на гэтае пытанне ўлады не даюць. Добра, калі гэта будзе банальнае пераразмеркаванне сродкаў. Быў у шмат разоў павялічаны рэзервовы прэзідэнцкі фонд, менавіта ён можа выкарыстоўвацца для росту заробкаў. Але гэта не самы дрэнны варыянт: бюджэт грошы зарабляе, а потым яны ідуць на зарплату.
Значна горш, калі на гэтыя мэты будуць выкарыстоўвацца банкаўскія крэдыты. Гэта, па сутнасці, стварэнне новых грошай. У былыя часы выкарыстанне крэдытаў для выплаты заробкаў было дастаткова масавай практыкай, у апошнія гады яна была прыпыненая. Але, паводле неафіцыйнай інфармацыі, у канцы мінулага года адбылося вяртанне да гэтай практыкі. Рост заробкаў за кошт крэдытаў — большае зло з усіх магчымых. Падобная практыка забівае фінансы прадпрыемстваў, якім потым прыйдзецца крэдыты вяртаць. Гэта, па сутнасці, стварэнне грошай з паветра, прамы іх кірунак праз зарплаты на спажывецкі і валютны рынак. У такім выпадку рост інфляцыі і паскарэнне дэвальвацыі рубля будуць непазбежнымі.
— Ці дастаткова сродкаў у банкаў Беларусі, каб выдаваць такія крэдыты?
— Мы пакуль не ведаем, ці ёсць патрабаванні ўрада выдаваць крэдыты на заробкі. Хутчэй за ўсё, да нас і даводзіцца такая інфармацыя не будзе. А грошы ў банкаў ёсць. Ніхто ў гэтым не сумняецца. Пытанне толькі, на якія праекты і з якімі рызыкамі, з якой эфектыўнасцю гэтыя грошы выкарыстоўваюцца. Выдача грошай на выплату зарплаты тым прадпрыемствам, у якіх у саміх няма сродкаў, — гэта горшае прымяненне банкаўскіх актываў.
— Якая інфляцыя была б аптымальнай для цяперашняй эканомікі Беларусі?
— Ёсць такі падыход: чым ніжэй інфляцыя, тым лепш. Але гэты падыход не вельмі універсальны. Каб эканоміка не скацілася ў дэфляцыю, трымаюць пэўны буфер, імкнуцца, каб інфляцыя не зніжалася да нуля, а заставалася на пэўным узроўні.
Для ЗША і Еўропы камфортным лічыцца ўзровень у 2%, а тое, што ніжэй — гэта рызыка траплення ў дэфляцыю. Дзесьці ставяць крыху больш — 4%.
Доўгатэрміновая мэта беларускага ўрада — устойлівае зніжэнне інфляцыі да 5%. Можна звярнуць увагу, што ў нас інфляцыя была нават ніжэй — у снежні 4,6%, зараз 4,5% у гадавым выразе. Але зараз сезоннае падзенне інфляцыі, а ў далейшым будзе яе рост у напрамку 6% нават пры аптымістычным прагнозе. Без сур’ёзных структурных рэформаў, без карэннага паляпшэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, што магчыма толькі за кошт росту канкурэнцыі ўнутры эканомікі, наўрад ці мэты па зніжэнні інфляцыі будуць дасягальныя. Патэнцыял выкарыстання манетарных метадаў ужо практычна вычарпаны. А, як мы бачым, палітычнае кіраўніцтва краіны да сур’ёзных рэформаў не паспела.
Паводле Заўтра тваёй краіны