Міністр абароны Латвіі: Лукашэнка можа давесці сітуацыю да канфлікту з удзелам Расіі і NATO
Сітуацыя з мігрантамі на мяжы Беларусі і ЕС можа перарасці ў канфлікт з удзелам Расіі і NATO. Такое меркаванне ў праграме «Дзейныя асобы» на «Латвійскім радыё 4» выказаў міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс.
Міністр абароны назваў цяперашні крызіс з мігрантамі «самай вялікай праблемай» самога Аляксандра Лукашэнкі.
«Яго пазіцыя ясная: ён хоча неяк адпомсціць за балючыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да яго рэжыму Еўрасаюзам. Не думаю, што ў яго гэта добра атрымліваецца. Відавочна, Лукашэнка прыдумаў, што можа зрабіць нешта падобнае да таго, што адбывалася ў 2015 годзе, калі праз Еўропу ішлі вялікія патокі мігрантаў. Сваімі самалётамі і дзяржаўнымі турыстычнымі фірмамі ён пачаў прывозіць гэтых мігрантаў у Беларусь, збіраць з іх грошы і казаць, што потым яны патрапяць ў ЕС, бо Еўрапейскі Саюз усіх прымае. Але ён памыліўся. Балтыйскія краіны і Польшча не будуць прымаць гэтых мігрантаў», — заявіў Пабрыкс.
Кіраўнік абароннага ведамства Латвіі перакананы, што праблема сама сабой не вырашыцца, бо зараз у Беларусі сабралася 10-15 тысяч мігрантаў. «Падыходзіць зіма. І калі ён сваімі сіламі не здолее іх пераштурхнуць да нас, яму давядзецца вырашаць гэтую праблему самому».
Пабрыкс адказаў на пытанне, ці не перарасце цяперашні гуманітарны крызіс у ваенны крызіс з удзелам сіл NATO. «Калі сітуацыя пагоршыцца, гэта не будзе гуманітарным крызісам. Ужо ад пачатку гэта не было гуманітарным крызісам. Гэта — гібрыдная аперацыя Лукашэнкі. Мы ўжо чулі ад польскага боку, што там і стрэлы былі, і ўсялякія магчымыя правакацыі. Але мы павінны сваю мяжу абараняць і адкрываць яе не будзем».
Паводле міністра, далей сітуацыя можа ісці па двух варыянтах. «Адзін сцэнар — калі Лукашэнка з дапамогай паліцыі працягвае нарошчваць колькасць гэтых мігрантаў каля мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай і імкнецца яшчэ больш ускладніць гэтую сітуацыю, даводзячы да канфлікту. Тады і Расія можа ў ім удзельнічаць. І NATO, таму што мы павінны сваю мяжу абараняць. Іншы варыянт — калі [Лукашэнка] павінен неяк ціхенька адправіць мігрантаў назад за свае грошы. Таму што, канешне, ён не хоча трымаць у сябе гэтыя 15 тысяч мігрантаў».