Марылуізэ Бек: У Беларусі ёсць стабільнасць, але незалежнасць краіны пад пагрозай
Незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за ўсё большага далгавога цяжару і неэфектыўнай эканомікі. Такую думку выказала ў эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН дэпутат бундэстага Марылуізэ Бек, якая знаходзіцца з візітам у Мінску.
На пытанне пра наяўнасць дасягненняў за 20 гадоў прэзідэнцкага кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі, Бек адказала: "Відавочна, тут ёсць стабільнасць. Наколькі я бачу, беларусы глядзяць на ўкраінскую сітуацыю так: у нас, магчыма, няма нейкіх свабод, але там ідзе вайна".
"Аднак за гэтай уяўнай пазітыўнай паверхняй ёсць і іншы бок, — падкрэсліла парламентарый. — І гэта не толькі палітзняволеныя, абмежаваныя правы
і свабоды, парламент, які не прызнаны Захадам, таму што па нашых крытэрыях ён не быў выбраны на свабодных і справядлівых выбарах. Тэма, пра якую сапраўды трэба гаварыць, — гэта
эканоміка краіны, якая выклікае занепакоенасць".
У прыватнасці, зазначыла Марылуізэ Бек, узрастае патрэбнасць Беларусі ў новых пазыках і крэдытах. "Пытанне ў тым, калі і як яны будуць вернутыя, калі наогул
будуць", — сказала яна.
На думку дэпутата, ніякія рэпрэсіі "не спыняць неабходнасць развіцця". "Эканоміка, у якой так моцна дамінуе дзяржава, страчвае патэнцыял прадпрымальнікаў, крэатыўных
людзей. Гэта эканоміка паступова будзе штурхаць краіну ў больш глыбокі крызіс з году ў год, доўг будзе ўзрастаць. Урэшце, пытанне будзе ў тым, ці паглыне вас Расія, таму што яна захоча атрымаць свае
грошы назад", — мяркуе Бек.
Кажучы пра пагрозу незалежнасці Беларусі, яна заўважыла: "Ёсць розныя шляхі страты незалежнасці — гэта не абавязкова павінна азначаць страту фармальнага
суверэнітэту".
"Але гэта можа азначаць, што ўрад і прэзідэнт не будуць свабодныя ў прыняцці рашэнняў, — заявіла парламентарый. — Напрыклад, калі будзе запыт на прыватызацыю,
якую, як мне здаецца, краіне варта правесці, ці будзе ўрад свабодны ў выбары пакупніка? Або яны будуць абавязаныя прадаваць іх расійскім фірмам з-за таго, які ў іх вялікі доўг перад Расіяй і
іншых альтэрнатыў няма?"
"Немагчымасць выбраць паміж А і Б — гэта ўжо страта незалежнасці, гэта тое, што краіна павінна абмяркоўваць. Я не ведаю прэзідэнта, я з ім не сустракалася, але я часта
пытаюся ў сябе: што ён думае наконт гэтага, з кім ён раіцца, хто яго акружае", — сказала Бек.
На яе думку, сёння беларуская эканоміка не можа паспяхова канкурыраваць на сусветных рынках. "Нейкі час можна казаць "добра, нам не цікавыя сусветныя рынкі, мы будуем сваю
эканоміку". Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта не працуе", — упэўненая дэпутат бундэстага.
Марылуізэ Бек прыбыла ў Мінск 17 ліпеня з двухдзённым візітам, мэта якога — вывучыць на месцы сітуацыю з правамі чалавека і палітычнае становішча ў краіне. У паведамленні офіса Бек
падкрэсліваецца: упершыню за тры гады дэпутат атрымала дазвол на ўезд у Беларусь. Нямецкі бок разглядае гэта як сведчанне таго, што Мінск "пасылае асцярожныя сігналы
Еўрасаюзу" пра гатоўнасць палепшыць адносіны.
У першы дзень візіту Марылуізэ Бек сустрэлася з прадстаўнікамі апазіцыі і сваякамі палітзняволеных. На 18 ліпеня запланаваная яе сустрэча з прадстаўнікамі Міністэрства замежных
спраў.
Даведка БелаПАН. Марылуізэ Бек — спікер па пытаннях палітыкі ва Усходняй Еўропе фракцыі "Саюз 90/Зялёныя" бундэстага. Нарадзілася 25 чэрвеня 1952 года.
Вывучала нямецкую мову, гісторыю і грамадазнаўства ва ўніверсітэтах Білефельда і Гейдэльберга. Працавала настаўніцай у рэальнай школе ў Пфорцхайме. Член партыі "зялёных" з 1980 года.
З 1983 года — дэпутат бундэстага з перапынкамі, падчас якіх сярод іншага з'яўлялася дэпутатам Брэменскага парламента і спікерам зямельнага аддзялення партыі "зялёных".
З 1998 па 2002 гады — упаўнаважаная Федэральнага ўрада па пытаннях іншаземцаў. З 2002 па 2005 гады — парламенцкі статс-сакратар пры федэральным міністры па справах
сям'і, пажылых грамадзян, дзяцей і моладзі, адначасова — упаўнаважаная Федэральнага ўрада па пытаннях міграцыі, бежанцаў і інтэграцыі. З 2005 года — член
камітэта па знешняй палітыцы бундэстага, член Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
Арцём Шрайбман, БелаПАН