Макей у інтэрвію паўднёваафрыканскай газеце: Лукашэнка — адкрыты, шчыры чалавек, кажа што думае
«Асаблівым палітыкам» назваў Аляксандра Лукашэнку міністар замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрвію паўднёваафрыканскай газеце «Business Day».
Журналіст пацікавіўся, навошта кіраўнік беларускай дзяржавы «часта паводзіць сябе даволі правакацыйна». «Я чуў на днях ад еўрапейскага дыпламата, што ён сказаў аб адным
з еўрапейскіх міністраў замежных справаў (Гіда Вестэрвеле — БелаПАН.), што той можа называць яго „вялікім дыктатарам“, але ён ведае, што гэты міністар — гей, або
штосці падобнае... Чаму ён кажа такія рэчы?», — спытаў у кіраўніка МЗС замежны карэспандэнт.
«Наш прэзідэнт — асаблівы палітык. Я даўно яго ведаю. На працягу амаль 8 гадоў я быў яго памочнікам, затым, на працягу 4 гадоў — кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта,
таму я побач з ім ужо больш за 12 гадоў, — распавёў Макей. — Я выдатна яго ведаю з прафесійнага пункту гледжання і з асабістага, чалавечага боку. Ён заўсёды вельмі адкрыты, ён не
працуе для таго, каб штучна дамагчыся павагі людзей, ён заўсёды кажа тое, што думае, і дзейнічае адпаведна, ён вельмі адкрыты, шчыры, і менавіта таму, можа быць, часам выкарыстоўвае некаторыя фразы,
якія выклікаюць пэўны дыскамфорт у некаторых замежных палітыкаў».
Але вельмі часта, як адзначыў Макей, Беларусь дэманізуецца многімі замежнымі палітыкамі, а тыя рэчы, якія яны гавораць пра Беларусь, «нас, мякка кажучы, здзіўляюць».
«Яны не маюць нічога агульнага з сітуацыяй у Беларусі. Мы не хочам, каб медыі паказвалі нас ідэальнай краінай. Мы проста хочам, каб Беларусь падавалася ў замежных СМІ ў канструктыўным ключы,
хай і з усімі недахопамі. А не толькі з адмоўнага або са станоўчага боку», — сказаў міністр.
БелаПАН