Лукашэнка падпісаў закон аб генацыдзе беларускага народа
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народа», паведамляе агенцтва «БЕЛТА».
Гэты закон быў прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях летась у снежні.
Як паведамляе «БЕЛТА», ім «прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у названы перыяд».
Закон таксама вызначае крымінальную адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, у тым ліку з выкарыстаннем СМІ або інтэрнету.
Як паведамляе афіцыйнае агенцтва, «рэалізацыя закона будзе садзейнічаць недапушчальнасці скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама згуртаванасці беларускага грамадства».
Адмыслоўцы звяртаюць увагу, што факты палітычнага тэрору і масавых рэпрэсій у сталінскія часы ў законе нават не згадваюцца, хоць колькасць ахвяр «чыстак» сярод беларусаў вымяралася сотнямі тысяч. Не прыгадваецца і Халакост, пры тым што яўрэі склалі значную частку ахвяр падчас нацысцкай акупацыі Беларусі.