Лукашэнка гаварыў пра патрачаныя на Еўрагульні грошы і апазіцыю

Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра патрачаныя на Еўрапейскія гульні грошы і апазіцыю. У аўторак кіраўнік дзяржавы сустракаўся з першым віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным і віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Дворнікам. Лукашэнка пацікавіўся фінансавымі вынікамі Еўрагульняў, паведамляе Еўрарадыё.

european.png

«Гэта мільёны долараў, якія мы патрацілі на правядзенне гэтых гульняў, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — І вельмі важна для любога прадпрымальніцтва або бізнесу, наколькі мы змаглі кампенсаваць гэтыя выдаткі, наколькі можна падлічыць іх».
У чэрвені стала вядома, што замест анансаваных Лукашэнкам $50 млн на Еўрапейскія гульні пайшло не менш за $265 млн. 130 мільёнаў долараў з іх — гэта бюджэтныя сродкі.
На сённяшняй сустрэчы кіраўнік дзяржавы згадаў пра тых, каго хвалюе сума патрачаных сродкаў на Еўрапейскія гульні.
«Гэта ў асноўным так званая апазіцыя (ім, што ні зрабі, усё кепска), — гаварыў Лукашэнка. — Яны заклапаціліся, што мы не кампенсавалі, не перакрылі тыя выдаткі, якія былі ажыццёўлены...».
На думку беларускага кіраўніка, апазіцыянеры «цалкам забываюць, што такое імідж Беларусі». Ён адзначыў павелічэнне колькасці турыстаў, прыбыткі, якія атрымаў гандаль, музеі, артысты.
Ці была названая на сустрэчы сума кампенсаваных сродкаў, невядома.