Віцэ-прэм'ер сказаў, колькі выдаткавалі на Еўрапейскія гульні ў Мінску

Першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын 27 жніўня ў праграме "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1" распавёў пра тое, колькі ўсё ж каштавалі беларусам Еўрапейскія гульні, паведамляе  БелаПАН.



eurahulni_1807.jpg

На падрыхтоўку і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2017—2019 гадах было зрасходавана прыблізна 840 мільёнаў рублёў з розных крыніц: бюджэтныя сродкі, крэдыты банкаў, спонсарская дапамога, паведаміў першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын 27 жніўня ў праграме "Размова ў прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1".

Паводле яго слоў, прыкладна 70% гэтай сумы, або прыблізна 600 млн рублёў, — інвестыцыйныя выдаткі.

"Вядома, у гэтай сітуацыі можна задаць сабе пытанне: гэта грошы, якія пайшлі на гульні, ці нават калі б не было гульняў, мы б гэтыя расходы ўсё роўна ажыццяўлялі?" — заўважыў Турчын і расказаў пра завяршэнне ў выніку падрыхтоўкі да гульняў недабудаванага ў студэнцкай вёсцы, а таксама пра закупку транспарту для сталіцы і абласных аўтапаркаў.

"Сказаць, што калі б гульняў не было, гэтыя траты не ажыццяўляліся б, — я б так не казаў, таму што рухомы састаў трэба абнаўляць. Таму, на мой погляд, пра вось 600 мільёнаў, напэўна, нельга праводзіць такую простую карэляцыю, што гэта расходы толькі на гэтае мерапрыемства", — дадаў чыноўнік.

"Далей шляхам няхітрых матэматычных разлікаў у нас атрымліваецца: 840 мінус 600 — 240 мільёнаў, якія зрасходаваныя непасрэдна на правядзенне гульняў. З іх прыблізна палова — гэта сродкі спонсараў. То-бок усё як бы зразумела. Калі далей расшыфраваць, то сродкі пайшлі на пражыванне спартсменаў, харчаванне. А харчаванне — значыць нашы прадпрыемствы змаглі зарабіць", — падсумаваў першы віцэ-прэм'ер.

Ён паведаміў, што паводле вынікаў 2019 года будзе праведзены канчатковы аналіз. "Таму што сёння ў нас ёсць пэўная інфармацыя пра суму прададзеных білетаў, пра запаўненне гасцініц, пра тавары, якія набылі ў гэты час замежныя госці, калі яны выкарыстоўвалі tax-free. Гэта значыць, шэраг прычын, якія мы ацэнім паводле вынікаў 2019 года і ўбачым поўную карціну", — адзначыў Турчын.

Першы віцэ-прэм'ер таксама сказаў, што Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову ўрада аб тым, каб ільвіная доля сэканомленых пры правядзенні Еўрагульняў бюджэтных сродкаў была накіраваная на павышэнне заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы. Невялікія сумы будуць накіраваныя на рамонт інтэрнатаў ВНУ і заканчэнне рамонту Палаца спорту.

Лукашэнка 27 жніўня падчас дакладу Турчына і віцэ-прэм'ера Уладзіміра Дворніка прапанаваў падлічыць выдаткі на II Еўрапейскія гульні, што прайшлі ў чэрвені ў Мінску.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што "гэтым пытаннем былі вельмі занепакоеныя некаторыя грамадзяне". "Гэта ў асноўным так званая апазіцыя (ім, што ні зрабі, усё дрэнна). Яны заклапаціліся, што мы не кампенсавалі, не перакрылі тыя расходы, якія былі ажыццёўленыя напярэдадні і падчас правядзення гэтых гульняў. Яны заўсёды забываюць, што такое імідж Беларусі, што такое турыстычны прыток падчас гульняў, асабліва пасля гульняў, а ён павялічваецца, які даход, які прыбытак прынеслі гэтыя гульні нашым кампаніям — грамадскаму харчаванню, музеям, артыстам і гэтак далей", — адзначыў афіцыйны лідар.

"Мяне цікавіць фінансавы бок справы — што мы ў выніку гульняў атрымалі, — дадаў Лукашэнка. — Прычым хачу падкрэсліць: такія форумы — гэта гонар для любой краіны, таму за іх і змагаюцца, і не кожнаму аддаюць такія форумы".

26 чэрвеня міністр фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў у парламенце, што на падрыхтоўку II Еўрапейскіх гульняў у 2017—2019 гадах было зрасходавана 540 млн рублёў (прыблізна 270 млн долараў па наяўным курсе).

Два з паловай гады таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што правядзенне Еўрапейскіх гульняў будзе каштаваць прыкладна 50 млн долараў. У лістападзе 2016 года падчас рабочай паездкі ў Магілёў ён адзначыў, што перад тым як прапанаваць кандыдатуру Беларусі для правядзення гэтых спаборніцтваў, урад падлічыў, колькі яны будуць каштаваць. "Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе 50 млн долараў за гэтыя гады — гэта слёзы для краіны. А магчыма, і таго не трэба — еўрапейцы сказалі, што дапамогуць", — дадаў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН