Лябедзька вяртаецца ў Салігорск (фота)
Напачатку года ў Салігорску была запланаваная прэзентацыя Антыкарупцыйнай платформы. Але былі мабілізаваныя сілавыя структуры ды ідэалагічны аддзел, якія сарвалі прэзентацыю.
І тады лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыіАнатоль Лябедзька паабяцаў, што абавязкова вернецца ў Салігорск. І вось сёння адбылася яго рабочая паездка. Яе вынікі мы падсумоўваем са старшынёй АГП.
«Па-першае, мы распаўсюдзілі больш за 900 экземпляраў інфармацыйных матэрыялаў, прысвечаных Антыкарупцыйнай платформе, а таксама Новаму эканамічнаму курсу (НЭК), — кажа Анатоль Лябедзька. — Тут я кансерватар і лічу, што прыход да людзей з друкаванай прадукцыяй гэта заўсёды плённа. Так што, недзе каля трох тысяч жыхароў Салігорска змогуць пазнаёміцца з Антыкарупцыйнай платформай.
Пасля гэтага разам з кіраўніком абласной арганізацыі Віктарам Малочкам мы наведалі суд, пракуратуру, міліцыю, камітэт дзяржкантролю і мясцовае дзяржаўнае тэлебачанне. Ва ўсіх месцах перадалі тэкст Антыкарупцыйнай платформы. Дзесьці нас сустракалі вельмі разгублена, дзесьці даволі прыязна і сардэчна. Мы далі яшчэ адно абяцанне, што будзем вяртацца ўжо з надзеяй, што ў Салігорску пройдзе круглы стол з удзелам прадстаўнікоў сілавых структур і мясцовай вертыкалі аб сітуацыі з карупцыяй у рэгіёне. У судзе нас, праўда, хацелі забраць міліцыянты. Вызвалі нарад. Аднак, калі перадалі нашыя прозвішчы, там, відаць, параіліся, і ніхто за намі так і не прыехаў. Адбылася нечаканасць з мясцовай тэлебачаннем. Пасля таго, як мы сустрэліся з рэдактарам салігорскага ТБ, следам за намі прыехалі журналісты і ўзялі вялікае інтэрв'ю якраз па тэме карупцыі, па Антыкарупцыйнай платформе. Праўда, без абяцанняў, што гэта пойдзе ў эфір, але сваю работу журналісты зрабілі. Так што, праца працягваецца, і ў ёй мы бачым пэўны плён».