Літву «здзіўляюць і засмучаюць» дзеянні Беларусі
Літву «здзіўляюць і засмучаюць» дзеянні Беларусі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы, заявіў міністр замежных спраў гэтай краіны Лінас Лінкявічус, каментуючы праведзеныя 17 жніўня ў Астраўцы грамадскія слуханні пра бяспеку будучай станцыі.
«Узнікае пытанне: калі ўсё ідзе бяспечна і роўна, чаму яны не выконваюць патрабаванні Канвенцыі Эспаа? Канвенцыя Эспаа — прызнаны ў міжнародным маштабе дакумент, менавіта ён
вызначае пытанні ядзернай бяспекі, звязаныя з гэтым пытанні, асабліва калі гаворка ідзе пра суседнія краіны», — цытуе Лінкявічуса інфармагенцтва BNS.
Беларускія ўлады, паводле яго слоў, дагэтуль не растлумачылі, чаму для будаўніцтва АЭС абралі менавіта Астравецкую пляцоўку, што за 50 км ад Вільнюса.
Няма адказу і на пытанне, чаму Беларусь не праводзіць сейсмічныя выпрабаванні, улічваючы, што ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у гэтым месцы былі зафіксаваныя моцныя
землетрасенні.
Літва таксама сцвярджае, што ўсё яшчэ чакае адказу на пытанне, як будуць праводзіцца работы па ахаладжэнні рэактара. Астуджаць станцыю мяркуецца вадой ракі Нерыс (Вілія ў Беларусі), хоць сама
пляцоўка станцыі знаходзіцца вышэй за раку і аддаленая ад яе на 10 км — гэта павышае верагоднасць магчымых збояў у працы ахаладжальнай сістэмы.
«Спецыялісты павінны даць вельмі дакладныя адказы. Пасля іх атрымання можна праводзіць публічныя слуханні, а не наадварот», — падкрэсліў кіраўнік МЗС Літвы. Ён таксама
дадаў: самая вялікая бяда ў тым, што АЭС пачалі будаваць да завяршэння даследавання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Cлуханні ў Астраўцы праводзіліся па ініцыятыве беларускага боку насуперак пазіцыі афіцыйнага Вільнюса. Беларускія чыноўнікі азнаёмілі прадстаўнікоў літоўскай грамадскасці з трыма дакладамі на
тэму бяспекі будучай АЭС для насельніцтва і навакольнага асяроддзя Беларусі і краін-суседзяў. Актыўнай дыскусіі па дакладах і справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе не
адбылося.
Беларускі бок, нагадаем, не прымае прэтэнзіі Літвы і сцвярджае, што падаў літоўскім спецыялістам вычарпальныя адказы на ўсе пытанні, якія датычацца ўзвядзення АЭС.
by.belapan.com