Лідара АГП Мікалая Казлова «выкінулі» на волю
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова «выкінулі» на волю, паведаміў у Facebook экс-кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.
«Яго вывезлі на ўскраіну горада і там, па сутнасці, выкінулі на абочыну», — цытуе Лябедзьку REFORM.by.
Нагадаем, што Казлоў адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і павінен быў вызваліцца ўчора. Аднак гэтага не адбылося. Сёння да яго хацеў патрапіць адкакат, аднак адваката да падабароннага не дапусцілі.
Паводле слоў Лябедзькі, Казлова чакае новы суд 9 красавіка.
Старшыню АГП Казлова затрымалі 22 сакавіка, а 25 сакавіка далі 15 сутак па артыкуле 24.3 КаАП (непадпарадкаванне). Яно заключаецца ў тым, што Казлоў адмовіўся даваць падпіску аб невыдаванні звестак падчас допытаў па справе Каардынацыйнай рады ў Следчым камітэце.
Падчас суду Казлоў заявіў пра катаванні на Акрэсціна: ён сядзеў у аднамеснай камеры, у якой знаходзіліся восем чалавек. На падлогу камеры выплюхнулі каля 20 літраў канцэнтраванага раствору хлоркі.