Кітай гатовы працягнуць супрацоўніцтва з Беларуссю

Кітай працягне развіццё стратэгічнага партнёрства з Беларуссю. Пра гэта заявіў намеснік дырэктара ўпраўлення Еўразіі міжнароднага аддзела ЦК Кампартыі Кітая Цянь Найчэн на сустрэчы ў Пекіне з беларускімі журналістамі.



ssy42_w465h262.jpg

Паводле яго слоў, пасля нядаўняга 18-га з'езда КПК, на якім быў абраны яе новы кіраўнік, палітыка Кітая ў дачыненні да Беларусі застаецца нязменнай.
"Мы будзем яшчэ больш актыўна прасоўваць нашы двухбаковыя кантакты па ўсіх напрамках", — сказаў Цянь Найчэн, перадае БелТА.

Кітай разам з Беларуссю прыкладзе намаганні для таго, каб умацаваць сяброўства паміж двума народамі і палепшыць узаемадзеянне ў палітычнай, эканамічнай і іншых сферах, адзначыў прадстаўнік ЦК КПК.

"Мы заўсёды бачым у Беларусі добрага сябра і надзейнага партнёра", — заявіў Цянь Найчэн. Ён лічыць, што ў апошнія гады дзякуючы агульным намаганням дзвюх краін іх партнёрства дынамічна і інтэнсіўна развіваецца

Гаворачы аб з'ездзе кампартыі Кітая, прадстаўнік ЦК КПК адзначыў, што калі замежнікаў больш за ўсё цікавіла змена кіраўніцтва, то кітайцаў — вызначэнне перспектыў развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў.

На з'ездзе пастаўлена задача пабудаваць у Кітаі да 2020 года сярэднезаможнае грамадства. Раней у краіне асноўную ўвагу надавалі росту ВУП, і ў рэальнасці гэты паказчык рос, а ўзровень жыцця людзей адставаў. Цяпер з'езд КПК паставіў задачу адначасова нарошчваць абодва паказчыкі.

Як перадаваў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і ад сябе асабіста павіншаваў Сі Цзіньпіна з выбраннем на пасаду Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая. У віншаванні кіраўнік дзяржавы выказаў надзею на далейшае ўмацаванне і пашырэнне сувязяў паміж краінамі.

telegraf.by