КДБ адмаўляе “маскоўскую аперацыю”

Паводле СМІ, беларускія спецслужбы спрабавалі затрымаць аднаго з былых топ-менеджараў Беларускай калійнай кампаніі.



66.jpg

У Камітэце дзяржбяспекі Беларусі заявілі, што распаўсюджаная інфармацыя пра спробу затрымання беларускімі спецслужбамі ў Маскве аднаго з былых топ-менеджараў Беларускай калійнай кампаніі носіць правакацыйны характар, і адмовіліся яе каментаваць.

«Распаўсюджаная інфармацыя з’яўляецца відавочнай правакацыяй, мы яе не каментуем», — заявіў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у пятніцу начальнік прэс-службы беларускага КДБ Артур Стрэх.

Як паведаміла раней "Інтэрфаксу" крыніца ў праваахоўных органах, на Ленінградскім вакзале ў Маскве была зроблена спроба затрымання аднаго з былых топ-менеджараў Беларускай калійнай кампаніі Дзмітрыя Самойлава, аднак потым ён быў адпушчаны.

Па дадзеных крыніцы "Інтэрфакса", спроба затрымання экс-менеджара была здзейсненая прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў. Раней ён быў абвешчаны Мінскам у міжнародны вышук па так званай справе "Уралкалія".

www.radyjo.net