«Кашалёк» Лукашэнкі валодае ўкраінскай сеткай АЗС «UPG», якая зараз выйшла на рынак Польшчы

Украінскае выданне «OBOZREVATEL» апублікавала расследаванне аб тым, што ўкраінская сетка АЗС належыць Мікалаю Вераб'ю і Віктару Лукашэнку. Па даных расследавальнікаў, зараз гэтая сетка АЗС выйшла на польскі рынак, абыходзячы санкцыі ЕС.

uph.jpg

«Кампанія афіцыйна пазіцыянуе сябе як украінская, але, па нашых даных, «рэбрэндынг» зроблены толькі для таго, каб абыходзіць усе санкцыі Еўразвяза дзякуючы падстаўным асобам», — пішуць расследавальнікі.
Журналісты высветлілі, што яшчэ ў 2020 годзе фінансавы дырэктар UPG Іна Яцэнка стала старшынёй праўлення польскага прадпрыемства «Baltchem SA Zakłady Chemiczne», а саўладальніца «UPG» Вікторыя Пятрэнка ўвайшла ў склад рады дырэктараў польскага прадпрыемства.
У UPG адмаўляюць інфармацыю аб якіх-небудзь інвестыцыях у Польшчу.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2022 года Украіна ўвяла санкцыі супраць Мікалая Вераб'я. А яшчэ раней, у 2021 годзе, ва Украіне вярнулі ў дзяржаўную ўласнасць нафтапрадуктаправод «Самара — Заходні напрамак», больш чым на 50% якога належалі беларускаму «Нафтабітумнаму заводу», якім валодае Варабей.
Таксама вядома, што ў лютым 2021 года Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны аб'явіў аб санкцыях і аб тым, што ў спіс трапіў Віктар Медвядчук, з якім Мікалая Вераб'я звязвалі бізнес-інтарэсы.
Адыёзны палітык, Віктар Медвядчук праз банк Мікалая Вераб'я купляў ва Украіне тэлеканалы «News One» і «ZIK».