Карпянкоў, Орда, Азаронак і іншыя: Латвія, Літва і Эстонія пашырылі свае санкцыйныя спісы
Латвія, Літва і Эстонія пашырылі свае санкцыйныя спісы, унёсшы ў іх новыя прозвішчы беларускіх чыноўнікаў і функцыянераў. Пра гэта паведамляюць міністэрствы замежных справаў згаданых краін.
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэнне ўвесці бестэрміновую забарону на ўезд 26 грамадзянам Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, забарона на ўезд накладзена на міністра інфармацыі Ігара Луцкага, міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука і яго намесніка, а таксама кіраўніка ўнутраных войскаў Мікалая Карпянкова, галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука, журналіста СТБ Рыгора Азаронка, кіраўніка прафсаюзаў Міхаіла Орду і іншых.
«Сваімі дзеяннямі яны арганізавалі і падтрымалі фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і наступнае гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў», — тлумачыць латвійскае МЗС.
Там нагадваюць, што ў цяперашні час уезд у Латвію забаронены для 159 чалавек у сувязі з вышэйазначанымі падзеямі ў Беларусі.
Кіраўнік МЗС Літвы паведаміў, што ўезд у краіну забаронены 26 датычным да гвалту супраць пратэстоўцаў і гібелі Рамана Бандарэнкі. Пра гэта Лінас Лінкявічус напісаў у сваім Twitter.
Прозвішчы гэтых людзей не ўдакладняюцца.
Аб пашырэнні санкцыйнага спісу паведаміла і МЗС Эстоніі.
«Сёння, 20 лістапада, Міністэрства замежных спраў апублікавала дадатковы спіс з 28 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у адпаведнасці з Законам аб міжнародных санкцыях», — паведамляе прэс-служба.
Тлумачыцца, што гэтыя людзі маюць дачыненне да фальсіфікацый вынікаў выбараў і прымянення сілы супраць мірных дэманстрантаў. Забарона на ўезд усталявана на тэрмін з 20 лістапада 2020 года па 30 жніўня 2025 года. Прозвішчы таксама не ўдакладняюцца.
tut.by