Інфармацыю на наяўнасць экстрэмізму будзе ацэньваць адмысловая камісія
Будзе створаная сістэма экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Мінску.
У Беларусі ствараецца Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ў ёй прыкмет праяў экстрэмізму. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна № 810 ад 21 жніўня 2014 года.
Пастанова прадугледжвае і стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Мінску.
У камісію ўвойдуць аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць процідзеянне экстрэмізму, што дасць магчымасць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет экстрэмізму.
Рэспубліканская камісія будзе праводзіць экспертызу інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Мінска. Таксама ў яе кампетэнцыі ўзгадненне палажэнняў аб абласных камісіях і іх складзе, распрацоўка рэкамендацый для абласных камісій. Акрамя таго, яна будзе разглядаць скаргі на экспертныя заключэнні абласных камісій, вывучаць і распаўсюджваць айчынны і замежны вопыт прадухілення прапаганды экстрэмісцкай дзейнасці ў інфармпрадукцыі.
Камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакументы, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэнне для правядзення экспертыз. Таксама яна зможа запрашаць і заслухоўваць на сваiх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасці для экспертыз будуць прыцягвацца розныя спецыялісты, грамадскія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію.
Падставамі для правядзення экспертызы інфармацыйнай прадукцыі будуць звароты дзяржаўных органаў, арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама пастанова дзяржорганаў або службовых асоб, якія маюць адпаведнае права.
Экспертнае заключэнне экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку, а абласной камісіі — у рэспубліканскай або ў судзе.
Як растлумачылі ў Міністэрстве інфармацыі, пастанова Савета Міністраў прынята ў развіццё закона Беларусі "Аб процідзеянні экстрэмізму". "Дакумент прыняты ў мэтах недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкага характару, для абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяў у інфармацыйнай прасторы", — падкрэслілі ў Мінінфарме.