Ігар Лосік ужо 23 дні трымае галадоўку ў жодзінскай турме і не збіраецца спыняцца
На панядзелак 11 студзеня прызначаны разгляд скаргі Ігара Лосіка на ўтрыманне пад вартай, перадае Радыё Свабода.
Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і фрылансер-кансультант беларускай службы «Радыё Свабода» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі 195 дзён. Яго галадоўка працягваецца ўжо 23 дні. Такім чынам Ігар пратэстуе супраць новых абвінавачваньняў у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.
«Ігар працягвае галадоўку, спыняцца пакуль не збіраецца, — гаворыць адвакат. — Адчувае сябе больш-менш здавальняюча. Прынамсі, скаргаў не выказвае. Яго глядзіць лекар. Пытае ў яго, ці ўсё ў парадку. Ігар адказвае, што так. Мы сустракаемся двойчы на тыдзень. Сустрэча працягваецца прыкладна дзве гадзіны. Ігар цікавіцца навінамі. Вядома, яго цікавіць, што адбываецца з сям’ёй, што з дачкой, што ў жонкі новага, у бацькоў. Яго таксама вельмі цікавіць тое, што адбываецца ў Беларусі».
Па словах адваката, 5 студзеня Ігар атрымаў 60 лістоў. Ён стараецца на ўсе адказаць, моцна дзякуе за падтрымку тым, хто яму піша.
Ён перадаў віншаванне з-за кратаў.
«Усіх праваслаўных віншую са светлым святам Раства Хрыстовага!
У навагоднія і калядныя святы хочацца спадзявацца на лепшае. А таксама гэта самы лепшы час для таго, каб правесці яго з сямʼёй. Вельмі спадзяюся, што хутка і я змагу ўбачыць і абняць сваіх блізкіх, бо менавіта гэтага цяпер вельмі не хапае.
Вялікі дзякуй усім, хто падтрымлівае маю сямʼю. Я ведаю, што многія знайшлі час і магчымасць павіншаваць Паўлінку з Новым годам і Днём нараджэння. Дзякуй вам за гэта!
Самаадчуванне ў мяне нармальнае, сіл яшчэ хапае. Адчуваю падтрымку тысяч неабыякавых беларусаў, што надае сіл і падтрымлівае, калі засумаваў. Так што ўсё працягваецца, хоць часам па начах і сняцца баранавіцкія „лодачкі“! (хот-догі з баранавіцкай бутэрброднай „Лодачка“ — РС)», — напісаў Ігар Лосік.
У панядзелак 11 студзеня суд Партызанскага раёна будзе разглядаць скаргу Ігара Лосіка на працяг меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Разгляд пройдзе ў закрытым паседжанні.