Грамадзянская кампанія "Наш дом" аб'явіла пра свой прынцыповы няўдзел у прэзідэнцкіх выбарах

Грамадзянская кампанія "Наш дом" не будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і не будзе вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Гэта вынікае з афіцыйнай заявы, распаўсюджанай кампаніяй 1 красавіка. 



skacannyje_fajly4.jpg

У заяве падкрэсліваецца, што гэта рашэнне не з'яўляецца заклікам да іншых грамадскіх структур і палітычных партый дзейнічаць аналагічным чынам.

Раней лідар кампаніі "Наш дом" Вольга Карач не выключала свайго ўдзелу ў барацьбе за пасаду прэзідэнта. Аднак у сённяшняй заяве зазначаецца, што апошнія два гады былі "часам актыўных і цяжкіх дыскусій наконт таго, ці павінна кампанія заставацца непалітычнай арганізацыяй, якая займаецца грамадзянскімі ініцыятывамі, або павінна ўсё-такі рэарганізавацца ў палітычную арганізацыю і актыўна ўдзельнічаць у выбарах-2015". 


"Для "Нашага дома" важна дзейнічаць па сваіх правілах і самім фарміраваць уласны сцэнарый, а не ўдзельнічаць у чужым, — гаворыцца ў заяве. — На сёння мы адчуваем, што, беручы актыўны ўдзел у выбарах, мы дзейнічаем па чужым сцэнарыі і не маем дастаткова інструментаў, каб выкарыстоўваць наш уласны сцэнарый развіцця падзей. Гульня не па нашых правілах нас не задавальняе. Значыць, трэба фарміраваць і рэалізоўваць свой уласны сцэнарый". 


Прадстаўнікі кампаніі "Наш дом" таксама мяркуюць, што структура, якая вылучае свайго кандыдата на выбары, павінна даць "цвёрдыя гарантыі беларускаму народу, што жыццё людзей не пагоршыцца пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка сыдзе". "У першую чаргу, што не будзе вайны (грамадзянскай або з якой-небудзь краінай), масавым беспрацоўем і абвалу цэн. Мы не лічым "цвёрдымі гарантыямі" абяцанні якога-небудзь кандыдата. Перад выбарамі можна абяцаць што хочаш. Размовы пра тое, што Беларусі абавязкова дапаможа Амерыка, Еўрасаюз, Расія ці іншапланецяне, таксама не з'яўляюцца цвёрдымі гарантыямі. Патрэбны ясны, пераканаўчы і зразумелы адказ, як вырашаць усе тыя сістэмныя праблемы, што існуюць сёння ў Беларусі", — гаворыцца ў заяве. 


"Наш дом" "з усёй адказнасцю ўсведамляе", што не можа даць такіх цвёрдых гарантый беларускім грамадзянам на перыяд трансфармацыі Беларусі. Кампанія паведамляе, што ёй удалося рэалізаваць толькі два этапы сваёй унутранай стратэгіі — пабудаваць каманду лакальных актывістаў і стаць бачнай у публічным полі Беларусі, аднак стаць уплывовай арганізацыя не паспела. 


"Пад  уплывовасцю мы разумеем змену працэсаў у краіне ў патрэбны для нас бок шляхам нашага ўздзеяння на тры аспекты: на сітуацыі, якія складваюцца ў Беларусі; на паводзіны гульцоў і паводзіны нашых мэтавых груп у Беларусі; на грамадскае меркаванне ў Беларусі. Адной "бачнасці" ў беларускай публічнай прасторы недастаткова для перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года", — зазначаецца ў заяве. 


Пад перамогай у кампаніі разумеюць "прыход да ўлады і доступ да рычагоў кіравання краінай". "Усе астатнія вынікі магчымага ўдзелу ў выбарах (пазнавальнасць арганізацыі і лідара, выхад на новых спонсараў і іншыя) "Наш дом" не цікавяць", — падкрэсліваецца ў заяве.


Грамадзянская кампанія "Наш дом" існуе з 2006 года. Сярод яе асноўных мэтаў — развіццё грамадзянскай актыўнасці ў краіне і абарона правоў грамадзян.


Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 20 лістапада, найбольш верагоднай датай іх правядзення называлася 15 лістапада.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН