Генадзь Фядыніч прапануе адмяніць дэпутацкія пенсіі

Лідар прафсаюза РЭП па-ранейшаму жыве пад пастаянным наглядам міліцыі.

praca-by.info

praca-by.info

— Апошні раз мяне прыходзілі правяраць пару тыдняў таму — і ў пятніцу, і ў нядзелю, — распавёў Генадзь Фёдаравіч «Беларускаму партызану». — Проста патэлефанавалі ў дамафон і сказалі: «Міліцыя!». Я аджартаваўся: кажу, так я не выклікаў вас. Але потым усё ж такі махнуў ім у акно, каб бачылі, што я дома, і адчыніў дзверы.
Цяпер праваахоўнікі, мабыць, шукаюць з майго боку нейкія правіны, таму што амністыя ж, і калі знойдуцца парушэнні, то значыць, яе можна будзе і не ўжываць да мяне. Хоць мы ўсю шкоду згасілі, і артыкул, які нам з Ігарам інкрымінавалі, трапляе пад амністыю. Але як будуць развівацца падзеі далей — пажывём — пабачым!
Але ўсё роўна: нават калі да мяне і прыменяць амністыю, ні на парламенцкія, ні на прэзідэнцкія выбары я пайсці не магу. Мабыць, пры вынясенні прысуду на гэта і быў разлік.
Мне, дарэчы, адкрытым тэкстам сказалі: спецыяльныя службы аналізавалі дзейнасць РЭП і прыйшлі да высновы, што мы карыстаемся занадта вялікай папулярнасцю. Бо да нас многія прыходзяць, нават наёмныя работнікі МУС звяртаюцца!
Але, як бы там ні было, мы ўсё роўна маем намер прыняць удзел у маючых адбыцца парламенцкай і прэзідэнцкай кампаніях.
Мы цяпер рыхтуем вельмі простую і зразумелую праграму для людзей аб тым, што павінен рабіць парламент, на якіх пытаннях павінны акцэнтаваць увагу цяперашнія і будучыя дэпутаты. І хто з кандыдатаў у дэпутаты возьмецца гэтую праграму не толькі агучыць, але і выканае на практыцы, таго мы і падтрымаем.
Што мы прапануем? Самыя простыя рэчы, якія сёння хвалююць практычна кожнага беларуса:
- адмяніць кантрактную сістэму ў працоўных адносінах;
- вярнуць у страхавы стаж дэкрэтныя адпачынкі, вучобу і службу ў войску;
- паменшыць страхавы стаж да 15 гадоў;
- адмяніць так званую дэпутацкую пенсію. Не павінна быць ніякіх дэпутацкіх пенсій, хай атрымліваюць пенсію, як і ўсе выбаршчыкі!
- ліквідаваць прэзідэнцкі фонд, накіруем усе сродкі ў фонд дапамогі хворым дзецям.
- адмяніць паборы за арганізацыю мітынгаў.
Шмат пытанняў у тых, хто ўзяў выхоўваць дзяцей з прытулку, шмат пытанняў у сродкаў масавай інфармацыі.
Мы збяром усе самыя вострыя праблемы і агучым іх перад парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі. Ёсць пытанні, якія трэба вырашаць неадкладна, таму што яны датычацца ўсіх і кожнага!