Gazeta Wyborcza: У атачэнні Лукашэнкі пачаўся ўнутраны канфлікт

Некаторыя з’явы паказваюць на тое, што беларускі аўтакрат, які яшчэ не так даўно здаваўся ўсемагутным, губляе кантроль над уласнымі спецслужбамі.

Фота Andrei Stasevich / AP

Фота Andrei Stasevich / AP


Рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў «працякаць». І хутчэй за ўсё гэта адбываецца з-за таго, што хтосьці знутры піраміды ўлады хоча паўплываць на размяшчэнне сіл у асяроддзі беларускага дыктатара. Таму на маналіце рэжыму ў Беларусі з’явіліся драпіны.

Пра гэта піша Gazeta Wyborcza, нагадваючы, што блогер Nexta, канал якога прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, апублікаваў фрагмент тэлефоннай размовы паміж людзьмі, чые галасы былі падобныя на прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і яго дарадцы Мікалая Латышонка. Размова доўжылася прыкладна 9 хвілін. З яе можна было даведацца, што кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Ігар Сергіенка ўжо месяц не прыходзіць на працу.

Спачатку ў яго балела горла, а цяпер ён хварэе COVID-19. Яго нават падключылі да сістэмы штучнай вентыляцыі лёгкіх. Будучы ўжо хворым, ён удзельнічаў у нарадзе з удзелам Лукашэнкі. Пры гэтым Сергіенка нават не надзеў маску, бо баяўся раззлаваць дыктатара.

Сама прэс-сакратарка, якая падчас згаданай нарады сядзела побач з Сергіенкам, лічыць, што менавіта ад яго падхапіла каронавірус. Таксама з размовы вынікае, што атмасфера ў сэрцы беларускага рэжыму змрочная.

У адміністрацыі людзі месяцамі хварэюць ці не хварэюць, а адпачываюць. Па словах Эйсмант, па меншай меры частка чыноўнікаў выкарыстоўваюць хваробу або любое іншае апраўданне, каб не выконваць свае абавязкі.

«Я не хачу ехаць на чарговую нараду. То-бок хачу, але ведаю, што не магу. Ведаю, што шэф на гэта скажа», — скардзілася Эйсмант.

«Скажа, што вы — крыніца ўцечкі», — пасмяяўся Латышонак.

«А мне ўжо сапраўды не да смеху», — адказала яму прэс-сакратарка Лукашэнкі.

eismont1_03.jpg


Гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі публікуюць тэлефонныя размовы людзей з атачэння Лукашэнкі. 19 лістапада з’явіліся іншыя запісы размовы паміж кіраўніком федэрацыі хакея Дзмітрыем Баскавым і былым чэмпіёнам свету ў кікбоксінгу Дзмітрыем Шакутам. Яны абмяркоўвалі смерць 31-гадовага апазіцыянера рамана Бандэрэнкі. Яго выкралі таемныя агенты, сярод якіх былі апазнаныя Баскаў і Шакута. Бандарэнку збілі ў аддзяленні міліцыі, пасля чаго ён памёр.

Аднак, як піша Gazeta Wyborcza, пытаннем застаецца, хто робіць запісы размоў людзей з атачэння Лукашэнкі. Беларускі аўтакрат накінуўся з крытыкай на Польшчу. Аднак, як піша выданне, наўрад ці да гэтага датычныя польскія або ў цэлым заходнія спецслужбы. Палітыка, якой Захад прытрымліваецца ў пытанні рэжыму Лукашэнкі, выключна рэакцыйная. Яна заключаецца ў рэагаванні на паводзіны Мінска. І нават у такім выпадку ўсё адбываецца вельмі павольна. Нічога не паказвае на рашучую гатоўнасць да дзеянняў, якія б абвастрылі канфлікт.

Цалкам тэарэтычна, запісы магла б зрабіць Расія. Яна актыўна падтрымлівае Лукашэнку, але ставіць патрабаванне — правядзенне канстытуцыйнай рэформы. Лукашэнка не спяшаецца яго выконваць, а таму незадаволенасць і нецярпенне Крамля расце. Але для Расіі ўдар па прэс-сакратарцы беларускага аўтакрата — гэта занадта дробнае справа.

Варта ўспомніць, што зменшага два былых начальніка беларускага КДБ і адзін экс-кіраўнік МЗС займаюць цяпер выгадныя пасады ў Расіі. Толькі самога гэтага факту хопіць, каб уявіць, як добра ў Маскве ведаюць пра цёмныя справы беларускіх элітаў. Калі б Крэмль захацеў апублікаваць кампрамат на іх, то мог бы выбіць зямлю з-пад іх ног. Але ніякіх узрушэнняў не было.

Таму найбольш верагодная версія ўцечкі запісаў — гэта ўнутраны канфлікт у Мінску. Беларускія спецслужбы, верагодна, спрабуюць змяніць асяроддзе Лукашэнкі. Акрамя КДБ і МУС ёсць яшчэ некалькі іншых службаў, якія могуць праводзіць такія аперацыі. Якое з іх стварыла запісы? Хто вырашыў іх апублікаваць? Гэтага ніхто не ведае. Аднак, са слоў Эйсмант, ўдар дасягнуў сваёй мэты.

«З-за ўсяго гэтага Лукашэнка ўжо тры дні мне не тэлефанаваў. Баіцца», — сказала прэс-сакратарка.

Калі за аперацыяй стаяць спецслужбы Беларусі, то іх гатоўнасць выкарыстоўваць запісы азначаюць важныя змены ў Мінску. Нягледзячы на тое, што пасля з’яўлення першых запісаў прайшло даволі шмат часу, рэжым нікога не схапіў. Больш таго, ён нават не апублікаваў ўласную версію тлумачэнняў або хоць нейкія падазрэнні. Гэта паказвае, што Лукашэнка, які, здавалася б, яшчэ нядаўна кіраваў палётам кожнай мухі ў Беларусі, цяпер губляе кантроль над сваімі службамі. Калі бакі ўнутранага канфлікту ў Мінску яшчэ больш актыўна пачнуць выкарыстоўваць «злівы» ў сваіх бітвах, то толькі пытанне часу, калі ва ўладнай пірамідзе з’явяцца расколіны.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ