ФСБ злавіла санаторый «Беларусь» на праслухоўванні пакояў
23 мая Арбітражны суд Краснадарскага краю разгледзеў справу па заяве Кіраўніцтва Федэральнай службы па надглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогіі і масавых камунікацый да санаторыя «Беларусь» у Сочы, якая належыць кіраўніцтву справаў прэзідэнта Беларусі.
Санаторый прыцягвалі да адказнасці за парушэнне КААП: «здзяйсненне прадпрымальніцкай дзейнасці з парушэннем умоваў, што прадугледжваецца спецыяльным дазволам».
Паводле інфармацыі, што паступіла ад Упраўлення ФСБ Расіі па Краснадарскім краі, у санаторыі без адпаведнай ліцэнзіі былі ўсталяваныя тэхнічныя сродкі СОРМ.
Што такое СОРМ? Гэта цэлы комплекс тэхнічных сродкаў і мер, якія прызначаныя для правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў пры дапамозе тэлефоннай сувязі (стацыянарны і мабільныя
тэлефоны), бяздротавага інтэрнэту (вай-фай). Адзначаецца, што сістэма СОРМ-1 выкарыстоўваецца для праслухоўвання мабільнай сувязі, а СОРМ-2 — для пратакалявання зваротаў у інтэрнэце.
Паводле расійскай Канстытуцыі, абмежаванне таямніцы сувязі дапускаецца толькі па рашэнні суда. У санаторыя «Беларусь» паўнамоцтваў на выкарыстанне такіх сродкаў не было.
«Факт адсутнасці на момант праверкі дакументаў…, якія пацвярджаюць рэалізацыю мерапрыемстваў па ўкараненні тэхнічных сродкаў для правядзення аператыўна-вышуковых
мерапрыемстваў на сетцы сувязі аператара сувязі, пацверджаны матэрыяламі справы», — пішацца ў дакуменце.
Суд пацвердзіў факт адміністрацыйнага правапарушэння, аднак прыцягнуць санаторый да адказнасці не атрымалася. Скончыўся тэрмін прыцягнення да адказнасці, які складаў тры месяцы. Парушэнне было
зафіксаванае 31 студзеня 2013, а пастанова вынесеная 23 мая.
Санаторый «Беларусь» размяшчаецца ў горадзе Сочы на ўзбярэжжы Чорнага мора. Там неаднаразова адпачываў Аляксандр Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі
чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, прафсаюзнікі. Пра дадатковую паслугу ў выглядзе праслухоўвання нумароў у турыстычных праспектах нічога не паведамляецца.
nn.by