Фільм «Жыве Беларусь!» пакажуць у Еўрапарламенце

Фільм пра беларускі Супраціў пакажуць у Еўрапарламенце. Паказ фільма адбудзецца 15 кастрычніка ў 18.30.



zyvie1.jpg

Пасля паказу фільма адбудзецца сустрэча з яго рэжысёрам Кшыштафам Лукашэвічам, сцэнарыстам Франакам Вячоркам і жонкай палітвязня Мікалая Статкевіча Марынай Адамовіч.
«Жыве Беларусь!» — гэта першы мастацкі фільм пра беларускі Супраціў. У ім прадстаўленыя лёсы маладых беларусаў, якія змагаюцца з дыктатурай, і ў той жа час спрабуюць жыць нармальна.
Кінастужка здымалася ў лістападзе-снежні 2011 года ў Польшчы. Трэйлер фільма быў паказаны на Берлінскім кінафестывалі вясной 2012 года, а прэм'ерны паказ адбыўся на фестывалі ў Канах. Прэм'ера ў Польшчы адбылася 17 красавіка гэтага года.
Рэжысёр фільма - паляк Кшыштаф Лукашэвіч. Сцэнарысты — беларускі журналіст і актывіст Франак Вячорка і Кшыштаф Лукашэвіч.
Галоўную ролю — рок-музыкі Мірона Захаркі — выканаў беларускі музыка Зміцер (Вінцэнт) Папко. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і сабраў у сабе гісторыі і лёсы многіх беларусаў, якія прайшлі і працягваюць праходзіць праз рэпрэсіі ў Беларусі.
charter97.org