Добрай раніцы, Пуцін! Навіны 486-га дня вайны Расіі супраць Украіны

ПВК "Вагнера" працягвае займаць вайсковыя аб’екты ў розных гарадах Расіі. Тым часам расійскія вайскоўцы працягваюць абстрэльваць тэрыторыю Украіны. Хронікі 486-га дня вайны.

Людзі ў форме без апазнавальных знакаў на вуліцах Растова. Фота: ТАСС

Людзі ў форме без апазнавальных знакаў на вуліцах Растова. Фота: ТАСС

***

"Руская служба BBC " пацвердзіла, што ПВК "Вагнера" заняла ўсе вайсковыя аб'екты ў Варонежы. "Усе ключавыя аб'екты ў Варонежы таксама ўзятыя пад кантроль, усё як у Растове", — цытуе BBC словы крыніцы, блізкай да цэнтральнага апарату ФСБ. Раней пра гэта паведаміла агенцтва "Reuters".

У Telegram-каналах Варонежа з'явіліся знятыя мясцовымі жыхарамі відэа, на якіх чутныя стрэлы і выбухі ў вёсцы Рагачоўка. "Ідуць баі, чатыры прылёты ракетныя было, і чэргі аўтаматныя пастаянна. Мы тут паўвёскі ўжо эвакуюем", — кажа відавочца. На іншым відэа знятыя людзі ў вайсковай форме на балконе мясцовай гасцініцы.


***

Выведка Вялікабрытаніі ў штодзённай зводцы называе мяцеж Прыгожына "самым сур'ёзным выклікам расійскай дзяржаве за апошні час". "У найбліжэйшыя гадзіны лаяльнасць расійскіх сіл бяспекі і асабліва Расгвардыі будзе мець ключавое значэнне для таго, як будзе развівацца крызіс", — мяркуюць ва ўстанове, адзначаючы, што сілы ПВК "Вагнера" прасоўваюцца ў бок Масквы, не сустракаючы супраціву.


***

Жыхарка Растова расказала BBC пра тое, што адбываецца ў горадзе:

"Увесь цэнтр [горада] акружаны і перакрыты. Ва ўсіх [падземных] пераходах стаяць вайскоўцв, але яны без апазнавальных знакаў. Калі іх пытаюцца, хто вы, яны кажуць: "Мы проста добрыя людзі".

Маршруткі, аўтобусы ездзяць па змененым маршруце, некаторыя адмененыя. Аўтамабілі развврочваюць, просяць аб'язджаць. У горадзе абстаноўка спакойная: няма аніякай панікі, усё як у звычайны дзень. Ці ёсць Прыгожын у штабе ці не — пакуль нічога не вядома.

Я знаходжуся на скрыжаванні Чырвонаармейскай вуліцы і завулка Горкага [у дзесяці хвілінах ходу ад штаба] — гэтыя ўсе вуліцы быццам вольныя. Участак [у раёне штаба ПВА, рог Будзёнаўскага праспекта і вуліцы Пушкінскай] шчыльна акружаны.

Усе мерапрыемствы, якія на сёння планаваліся — і канцэртная праграма, і шмат усяго — адмененыя. Кавярні, крамы працуюць. Больш аніякіх заяў ад уладаў не было".


***

Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам у сувязі з мецяжом Яўгена Прыгожына. Ён назваў мяцеж "ударам у спіну" і "адступніцтвам". "Дзеянні, якія расколваюць наша адзінства, — гэта, па сутнасці, адступніцтва, удар у спіну нашай краіне і нашаму народу. Менавіта такі ўдар быў нанесены ў 1917 годзе, калі наша краіна змагалася ў Першай сусветнай вайне і перамогу ў яе скралі", — сказаў Пуцін.

"Любая ўнутраная смута — смяротная пагроза для нашай дзяржаўнасці, і нашы дзеянні па абароне ад такой пагрозы будуць жорсткімі. Усе, хто рыхтаваў мяцеж, панясуць немінучае пакаранне. Узброеныя сілы і іншыя дзяржаўныя органы атрымалі неабходныя загады", — таксама паведаміў Пуцін. Кіраўнік РФ пацвердзіў, што ў Растове заблакаваная праца грамадзянскага і вайсковага кіраўніцтва, і назваў сітуацыю ў горадзе "цяжкай".

Пасля звароту Пуціна дзеянні ПВК "Вагнера" пракаментаваў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў, патлумачыўшы, што не мог гэтага зрабіць раней праз пералёты. Як і Пуцін, Кадыраў назваў мяцеж "гнюснай здрадай". "Цалкам дакладна адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч у сваім звароце да нацыі: гэта ваенны мяцеж! Аніякага апраўдання падобным дзеянням няма! Цалкам падтрымліваю кожнае слова Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна!" — напісаў Кадыраў, дадаўшы, што "байцы Мінабароны і Расгвардыі па Чачэнскай рэспубліцы ўжо выехалі ў зоны напружанасці".

***

Мэр Масквы Сяргей Сабянін, паведаміў, што ў горадзе ў сувязі з рэжымам контртэрарыстычнай аперацыі адмененыя раней абвешчаныя масавыя мерапрыемствы. "Усе гарадскія службы працуюць у поўным аб'ёме, перамяшчэнні па горадзе не ўскладненыя. Дзякуй масквічам і гасцям горада за разуменне і спакойнае стаўленне да таго, што адбываецца", — заявіў Сабянін.

Тым часам у Маскоўскай вобласці часткова перакрылі тры трасы: М-4 "Дон", М-5 "Урал" і М-2 "Крым". Акрамя гэтага часткова перакрыта Яраслаўская шаша. Таксама перакрыты мост праз Аку на Сімферопальскай шашы ў раёне Серпухава і частка трасы М-2 "Крым" пад Серпухавам.

Раней улады Варонежскай вобласці паведамілі, што траса М-4 "Дон" перакрытая таксама з 464-га па 777-ты кіламетр.

Рэжым контртэрарыстычнай аперацыі ўслед за Масквой і Падмаскоўем уведзены таксама ў Варонежскай вобласці.

Як паведамляюць СМІ, у Калужскай і Тульскай абдасцях па трывозе са зброяй паднялі падраздзяленні МУС. Начальства давяло да ведама асабістага саставу, што ім загадана ехаць да Масквы калонай на службовым транспарце. Аніякіх падрабязнасцей ім не далі.

***

За мінулыя суткі расійскія сілы нанеслі па тэрыторыі Украіны ўдары з ужываннем 14 крылатых ракет Х-101/х-555, трох дронаў "Шахед" і чатырох кіраваных ракет С-300, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы. 14 ракет і два дроны былі знішчаныя сіламі СПА, дадалі ў камандаванні. Акрамя таго, сілы РФ нанеслі 51 авіяцыйны ўдар і ўчынілі 59 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.

Паводле паведамлення Генштаба УСУ, расійскія вайскоўцы працягваюць спробы наступу на Ліманскім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках і абараняюцца на Запарожскім і Херсонскім кірунках.

***

Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка паведаміў, што колькасць загінулых у выніку ракетнага ўдару па Кіеве ўзрасла да трох чалавек. "Тры чалавекі паводле стану на дадзены момант загінулі, 8 — траўмаваныя. 24 чалавекі выратавалі супрацоўнікі ДСНС", — гаворыцца ў паведамленні ведамства ў Telegram. Раней паведамлялася пра дзве ахвяры.


***

За суткі страты асабовага саставу расійскіх войскаў, паводле звестак Генштаба УСУ, склалі 580 чалавек, з пачатку ўварвання Расія страціла каля 223 910 адзінак жывой сілы. Адзначаецца, што сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны быў знішчаны расійскі ўдарны верталёт Ка-52 і 7 выведвальных БПЛА.