Дэлегацыя БНФ возьме ўдзел у кангрэсе літоўскіх кансерватараў

30 красавіка і 1 траўня дэлегацыя Партыі БНФ на чале са старшынёй партыі Аляксеем Янукевічам возьме ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў літоўскай партыі “Саюз Айчыны” — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты, якія прысвечаныя дзесяцігоддзю сяброўства Літвы ў Еўрасаюзе.



janukievic_bnf.jpg

“Саюз Айчыны” з'яўляецца даўнім і блізкім партнёрам Партыі БНФ — пагадненне пра супрацоўніцтва паміж двума партыямі было заключанае яшчэ ў 2002 годзе. Дзве братэрскія партыі ўваходзяць у агульнакантынентальную Еўрапэйскую народную партыю (EPP).

30 красавіка старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіць на канферэнцыі "Справа Украіны — рэзкі напамін пра старыя-новыя пагрозы?” з пазыцыяй Партыі БНФ што да пагрозаў і выклікаў рэгіянальнай і агульнаеўрапэйскай бяспецы, якія паўсталі ў выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Як адзначыў у каментары для прэс-службы Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, ён плануе “давесці да еўрапэйскіх палітыкаў неабходнасць жорсткай рэакцыі на захопніцкія дзеянні Расеі, а таксама заклікаць пашыраць мэханізмы Ўсходняга Партнёрства для ангажавання ўсходнееўрапэйскіх краінаў у геапалітычную арбіту Еўрасаюзу”.

На гэтай канферэнцыі таксама плануюцца выступы віцэ-старшыні Еўрапарламента Яцэка Пратасевіча, віцэ-старшыні EPP Марыё Давіда, лідэра партыі “Саюз Айчыны” — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты Андруса Кубілюса, экс-прэм’ера Малдовы Улада Філата і іншых палітыкаў з краінаў ЕС і Ўсходняга Партнёрства.

1 траўня ў Вільні адбудзецца кангрэс Еўрапэйскай народнай партыі і партыі “Саюз Айчыны”, прысвечаны дзесяцігоддзю сяброўства Літвы ў ЕС. Дэлегацыя Партыі БНФ запрошаная для ўдзелу ў ім у якасьці гасцей.  На гэтым мерапрыемстве будзе прадстаўленая праграма кандыдатаў ад літоўскіх кансерватараў на выбарах у Еўрапейскі парламент. Як адзначыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, бліжэйшыя выбары ў Еўрапарламент з'яўляюцца вельмі важнымі: “Зараз  ў Еўропе ёсць пагроза ўзмацнення радыкальных партыяў, якія могуць паменшыць уплыў нашых ідэйных паплечнікаў. Мы адчуваем пэўную занепакоенасць з гэтай нагоды, таму што бачым, як некаторыя з гэтых сілаў падтрымалі Расею ў яе крымскай авантуры, у тым ліку дасылаючы назіральнікаў на незаконны рэферэндум пра анэксію Крыму. Праеўрапейскія сілы ў нашым рэгіёне павінныя адчуваць еднасць і змагацца за агульную будучыню нашых нацыяў” — сказаў Аляксей Янукевіч.

Апроч удзелу у канферэнцыі і кангрэсе дэлегацыя Партыі БНФ у часе візіту плануе правесці шэраг двухбаковых сустрэчаў з прадстаўнікамі братэрскіх партыяў-сяброў EPP, а таксама асобнымі палітыкамі.

Прэсавая служба Партыі БНФ