Дакладчыкі ПАСЕ асудзілі вынясенне ў Беларусі новага смяротнага прыгавору
Дакладчык ПАСЕ па адмене смяротнай кары Марына Шустэр і дакладчык па сітуацыі ў Беларусі Андрэс Херкель асудзілі вынясенне новага смяротнага прыгавору ў краіне.
Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве дакладчыкаў, распаўсюджанай 13 чэрвеня прэс-службай Парламенцкай асамблеі
Савета Еўропы.
Шустэр і Херкель выказалі глыбокую занепакоенасць у сувязі з вынесеным смяротным прыгаворам. "Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротную кару. Мы можам
толькі заклікаць не ажыццяўляць такі захад (прывядзенне ў выкананне прыгавору. — БелаПАН.), які яшчэ больш аддаліць Беларусь ад сям`і еўрапейскіх нацый, якія адмовіліся
ад гэтага жорсткага і бесчалавечнага пакарання", — гаворыцца ў заяве.
Шустэр таксама падкрэсліла, што Савет Еўропы працягне дыялог з Беларуссю толькі пасля таго, як у краіне будзе ўведзены мараторый на смяротную кару.
У сваю чаргу Херкель адзначыў, што камітэт ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі вырашыў запрасіць двух членаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі на сваё пасяджэнне ў Страсбургу 27 чэрвеня, дзе таксама
будзе ўзнята пытанне аб смяротнай кары ў Беларусі, каб "ацаніць, якую ролю можа адыграць беларускі парламент у яго вырашэнні".
Нагадаем, 12 чэрвеня стала вядома, што Гродзенскі абласны суд прыгаварыў жыхара Вілейкі (Мінская вобласць) да смяротнай кары за двайное забойства ў Гродне. Злачынства было ўчынена 5 жніўня 2012
года.
Пра жорсткае забойства ў кватэры шматпавярховага дома ў Гродне праваахоўным органам стала вядома 7 жніўня. Следча-аператыўныя групы абласных упраўленняў Следчага камітэта і УУС, а таксама раённых
падраздзяленняў следства і міліцыі, якія выехалі на месца здарэння, выявілі са шматлікімі колата-рэзанымі ранамі ў вобласці шыі, спіны і жывата труп жанчыны 1991 года нараджэння, жыхаркі Жлобіна
(Гомельская вобласць).
Пры правядзенні далейшага агляду жылога дома каля пад'езда ў смеццевым кантэйнеры быў знойдзены расчлянёны труп яшчэ аднаго чалавека — мужчыны 1989 года нараджэння, які
з'яўляўся гаспадаром кватэры, у якой адбылося забойства.
Ва ўчыненні злачынства прызнаны вінаватым муж забітай жанчыны — жыхар Вілейкі 1990 года нараджэння. Матыў злачынства — рэўнасць. Мужчына быў затрыманы 7 жніўня ў цягніку Гродна
— Баранавічы.
Абвінавачванаму інкрымінавалася: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю (п. 1 і 6 ч. 2 арт. 139 КК), здзек над трупам (ч. 1 арт. 347 КК), крадзеж (ч. 1 арт. 205 КК) і крадзеж асабістых
дакументаў (арт. 348 КК).
Прыгавор яшчэ не набыў моц.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН