Частку памяшканняў офісу Партыі БНФ апячаталі
Партыя БНФ пазбавілася часткі памяшканняў сядзібы на вуліцы Чарнышэўскага ў Мінску, паведамляе Радыё Свабода. Вялікая зала апячатаная. Намеснік старшыні партыі Аляксей Янукевіч кажа, што запазычанасць за арэнду — некалькі тысяч долараў.
Пра праблемы з аплатай арэнды за сядзібу БНФ у Мінску на вуліцы Чарнышэўскага стала вядома ў канцы 2018 года. Тады ж быў арганізаваны збор сродкаў. Як стала вядома Свабодзе, хоць суму сабралі і значную, цалкам вырашыць праблемы з памяшканнем кіраўніцтву БНФ не ўдалося.
«Мы змаглі сабраць каля 30 тысяч рублёў, аднак гэтага, на жаль, не хапіла для аплаты ўсіх запазычанасцяў, вялікая зала сядзібы зараз апячатаная, — расказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч. — Мы працягваем аплочваць арэнду часткі памяшканняў. Цяпер сканцэнтруемся на гэтым. На жаль, сабраць сродкі на тое, каб выплаціць рэшту запазычанасці, пакуль не атрымліваецца».
Па словах Аляксея Янукевіча, памер запазычанасці — некалькі тысяч долараў. За арэнду той часткі памяшканняў, якія цяпер выкарыстоўваюцца актывістамі, партыя плаціць прыкладна 1400 рублёў у месяц.
«Мы перапланавалі памяшканні, зрабілі невялікую рэарганізацыю, — кажа Янукевіч. — Можам правесці мерапрыемства з колькасцю ўдзельнікаў прыкладна 45 чалавек. Але вялікая зала, на жаль, каля 6 месяцаў таму была апячатаная. Нам даступная толькі частка памяшканняў».
Збор сродкаў на аплату арэнды памяшкання на вуліцы Чарнышэўскага працягваецца. Пералічыць грошы можна праз сістэму АРІП.
На вуліцу Чарнышэўскага цэнтральная сядзіба БНФ пераехала ў 2012 годзе, калі гарадская адміністрацыя адмовілася працягваць дамову аб арэндзе памяшкання на вуліцы Варвашэні.
svaboda.org