Cтрах — не прычына паразы

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) зрабіў аналіз поствыбарчых настрояў у беларускім грамадстве. Вынікі апытання сведчаць, што беларускае грамадства застаецца не гатовым да пераканаўчай падтрымкі альтэрнатыўнага Лукашэнку палітыка. Апазіцыя дагэтуль не дайшла да разумення, на чым трымаецца падтрымка Лукашэнкі, і свае няўдачы спісвае на «фактар страху» і недасканаласць сацыялогіі.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) зрабіў аналіз поствыбарчых настрояў у беларускім грамадстве. Вынікі апытання сведчаць, што беларускае грамадства застаецца не гатовым да пераканаўчай падтрымкі альтэрнатыўнага Лукашэнку палітыка. Апазіцыя дагэтуль не дайшла да разумення, на чым трымаецца падтрымка Лукашэнкі, і свае няўдачы спісвае на «фактар страху» і недасканаласць сацыялогіі.

Плацэба «меншасці»
Беларускае грамадства расколатае на «большасць» і «меншасць», гэта з нядаўніх часоў перастала быць сакрэтам нават для чатырохразова «ўсенароднаабранага», — гавораць эксперты НІСЭПД. «Большасць» верыць у правільнасць курсу, якім краіна ўжо сямнаццаты год рухаецца, у справядлівы падлік галасоў, у радыкальнае паляпшэнне ўмоў жыцця вяскоўцаў за кошт будаўніцтва аграгарадкоў і г. д. Што тычыцца «меншасці», то яна верыць у тое, што «меншасцю» не з’яўляецца.
Фактар страху — гэта своеасаблівае плацэба «меншасці». Не турбуючы сябе разважаннямі, «меншасць» тлумачыць фактарам страху любы вынік апытанняў, які яго не задавальняе. Логіка тут простая — ва ўмовах апошняй еўрапейскай дыктатуры рэспандэнты баяцца выказваць свае праўдзівыя палітычныя прыхільнасці.
Сацыёлагі з гэтым не згодныя і прыводзяць прыклады пытанняў, якія перакрыжоўваюцца паміж сабой і гавораць пра слушнасць вынікаў даследаванняў.
Аналіз вынікаў галасавання ў 2006 годзе паказаў, што прыкладна 40% тых, што не захацелі адказваць на пытанне, за каго яны галасавалі на выбарах прэзідэнта, складаюць прыхільнікі Лукашэнкі, а звыш траціны — прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў.
Падкрэсліваецца і той факт, што на працягу 2010 года апытанні не давалі падставаў «для апазіцыйнага аптымізму». Усе сацыяльныя індэксы павольна, але няўхільна ўзрасталі, адгукаючыся на перадвыбарныя сацыяльныя выплаты. Іх выніковыя значэнні апынуліся паміж значэннямі 2001-га і 2006 гадоў. Такімі сталіся і вынікі галасавання.
Электаральная падтрымка Лукашэнкі вызначаецца яго здольнасцю забяспечваць рост матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва за чужы кошт. Выбары 2006 года прыйшліся на пік расійскіх датацый. Чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін аплацілі знешнія крэдыторы. Свой істотны ўнёсак у захаванне дыктатуры ў цэнтры Еўропы зрабіў Міжнародны валютны фонд — рэзюмуюць сацыёлагі.
«Меншасць» большая, чым мяркуе Лукашэнка
Сацыёлагі прыводзяць дадзеныя апытання, якія «дазваляюць ацаніць ступень крытычнасці грамадскай думкі з нагоды апошніх прэзідэнцкіх выбараў». Грамадская думка раскалолася на стандартныя для Беларусі «большасць» і «меншасць», праўда, не ў той прапорцыі, якую вымушаны быў прызнаць Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 20 снежня. Доля «меншасці» складае не 20%, а каля 30%. На пытанне «Як Вы мяркуеце, ці былі выбары прэзідэнта Беларусі свабоднымі і справядлівымі?» у снежні мінулага года станоўча адказалі 54,4% рэспандэнтаў. Не вераць у справядлівасць выбараў 32,3% апытаных.


Скептычнае стаўленне траціны беларусаў да свабоды і справядлівасці выбараў не ў апошнюю чаргу звязанае з недаверам да дзейнасці ЦВК. Дарэчы, лібералізацыя ўзроўню даверу не падвысіла.
Ключавым элементам легітымнасці любой улады з’яўляецца давер, які аказвае ёй насельніцтва. Давер, у сваю чаргу, можа генеравацца як масавымі чаканнямі паляпшэння дабрабыту за кошт сацыяльна-эканамічнай палітыкі, так і законнасцю выбарчых працэдур. Гэтыя фактары з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі, толькі разумны кампраміс паміж імі здольны забяспечыць стабільнасць.
Ва ўмовах імітацыйнай дэмакратыі дадзены кампраміс недасягальны, і таму беларуская ўлада змушаная рабіць упор на куплю галасоў, не грэбуючы пры гэтым і сілавым кампанентам, — рэзюмуюць сацыёлагі. Тут варта было б прыгадаць словы прэзідэнта Літвы і «прыяцелькі» Лукашэнкі спадарыні Грыбаўскайтэ, якая нядаўна падкрэсліла, што «народ сам павінен вырашыць, якую ўладу ён хоча мець».
------------------------------------------------------------------------------------------
Апераваць сацыялагічнымі апытаннямі трэба асцярожна
— Прапанаваць адназначны варыянт змены стратэгіі дзеянняў беларускай апазіцыі складна, бо ёсць розныя групы лю­дзей, розныя інтарэсы, — лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч. — Нешта раіць складана і з прычыны таго, што волевыяўленне электарату мала на што ўплывае. Ёсць шматгадовая практыка фальсіфікацыі выбараў, мы не ведаем рэальных лічбаў таго, колькі людзей прагаласавалі за Лукашэнку, колькі за альтэрнатыўных кандыдатаў. Апераваць сацыялагічнымі апытаннямі, якія нічым не верыфікуюцца, таксама трэба асцярожна.
Апазіцыі варта найперш вызначыць рэалістычныя мэты, што тычацца палітычных кампаній ці свайго змагання ў бліжэйшай перспектыве. Цяжка будзе ставіць мэту паводле прынцыпу «электаральнай перамогі». Мэта мусіць быць больш рэалістычнай, і дзейнасць павінна будавацца ў яе рэчышчы. Напрыклад, праца з насельніцтвам, палітычнымі сіламі Еўропы, Расіі.
Апытанні НІСЭПД паказваюць, што ёсць ад 25% да 35% апазіцыйнага электарату. Тыя ж, хто падтрымлівае Лукашэнку (50–60%), — устойлівая структура. Як гэта зламаць — сказаць цяжка. Патрэбны не проста паспяховыя дзеянні апазіцыі, але і пэўны збег абставінаў. Бо ёсць такі фактар, калі людзі стабільна галасуюць за чалавека ва ўладзе. Рацыянальна галасуе толькі частка электарату Лукашэнкі.