Беларусь вядзе перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і адмене віз прыкладна з паўтара дзясяткамі дзяржаў

У гэтым пытанні прагрэс ёсць з Турцыяй, Эквадорам і Манголіяй.



1325246119_233648_80.jpg

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю тэлеканалу "СТБ" нагадаў, што з 1 ліпеня ажыццяўляецца бязвізавы рэжым з Турцыяй, з 5 ліпеня ўступіла ў сілу пагадненне аб бязвізавым рэжыме з Манголіяй, а 20 чэрвеня падпісана такое ж пагадненне з Эквадорам.

— У цэлым мы цяпер вядзём перагаворы аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб яго адмене прыкладна з паўтара дзясяткамі дзяржаў — гэта і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, і Сінгапур, і шэраг іншых, — заявіў Уладзімір Макей. —  Задача ў тым, каб выканаць устаноўку прэзідэнта, якую ён даў у Пасланні парламенту і народу ў 2013 годзе. Мы павінны стварыць нармальныя ўмовы для вядзення бізнесу ў нашай краіне з тымі краінамі, якія нам цікавы, і забяспечыць нашым грамадзянам, вядома ж, свабоду перамяшчэння з тымі краінамі, якія для нас цікавыя.

Макей паведаміў, што ўжо адбыўся першы раўнд кансультацый па заключэнні пагадненняў аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Еўрапейскім саюзам.

— Мы выпрацавалі канкрэтную аснову для далейшай работы. Кожны бок выклаў свой пункт гледжання на гэты працэс. Будуць праведзены чарговыя кансультацыі, — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Я думаю, што мы будзем спакойна рухацца ў гэтым напрамку, зыходзячы з таго, што гэтыя пагадненні выгадныя для грамадзян нашых дзяржаў, але яны павінны быць пабудаваны на раўнапраўнай, недыскрымінацыйнай аснове, як гэта было зроблена Еўрасаюзам і з іншымі дзяржавамі.