Бізнес сям’і Лукашэнкі развальваецца
Палітычныя эксперты ў відэа Белсату разважаюць аб выніках сустрэчы ў Сочы.
З трапа самалёта ў Сочы Лукашэнка спускаўся ў добрым настроі. Акрамя амбасадара Расеі ў Беларусі, у аэрапорце яго сустракаў губернатар Краснадарскага краю і мэр гораду Сочы. На наступны дзень Лукашэнку чакала супольнае катанне на лыжах з прэзідэнтам Расеі.
«Наагул гэта дзіўны выпадак, калі прэзідэнт Расеі вылучыў для перамоваў з Лукашэнкам цэлы дзень», – адзначае маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.
На меркаванне палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, Масква ў гэтай сітуацыі гуляе «ў доўгую», тады як кіраўнік Беларусі мае ўсё менш часу на развязанне канфлікту з Расіяй.
«Аляксандр Лукашэнка ўжо зараз хацеў бы паставіць усе кропкі над «і» з улікам выбарчага года, з улікам эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, з улікам таго, што пытанне з падатковым манеўрам так і нявырашанае», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.
"Рушыцца бізнес сям'і. Нафтавы. Беларусь выводзяць на сусветныя цэны. Нафта і газ, якія з'яўляюцца асновай бізнеса сям'і Лукашэнка, гэтая падтрымка, яна знікае", — кажа Андрэй Суздальцаў.