Беларускі варыянт міфа пра Ахілеса і чарапаху
Міф пра зборачны цэх СССР адарваўся ад рэальнасці, жыве цяпер у віртуальнай прасторы ды падсілкоўваецца намаганнямі дзяржаўнай прапаганды.
«Усё цячэ, усё змяняецца». Аўтарства гэтага выказвання прыпісваюць старажытнагрэчаскаму філосафу Геракліту (каля 554–483 да н. э.), аднак мы лёгка можам знайсці яго паслядоўнікаў сярод родных бяроз і асін. Да прыкладу, у снежні 2009 года адзіны палітык (АП) надаў сярэдняй зарплаце сакральны статус. Ён паставіў перад урадам задачу цаной «крыві з носу» выйсці на «святую лічбу» (500 у доларавым эквіваленце) да канца 2010 года.
Але ўсё цячэ, усё змяняецца. 19 красавіка ў Пасланні–2019 тое, што на працягу дзесяці гадоў афіцыйна лічылася святым, было паніжана да будзённага: «Мы павінны стварыць людзям мінімальна нармальныя ўмовы для жыцця. А гэта перш за ўсё тыя «няшчасныя» 500 долараў».
Тут напрошваецца яшчэ адна паралель, навеяная рэшткамі школьных ведаў з антычнай гісторыі і міфалогіі. Магчыма, чытач ужо здагадаўся, што гаворка ідзе пра Ахілеса і чарапаху. Хутканогі герой не ў стане дагнаць чарапаху, бо за час, які ён марнуе на пераадоленне першапачатковай адлегласці, што аддзяляе яго ад прадстаўніка атрада паўзуноў, гэты ціхаходны прадстаўнік паспявае прапаўзці пэўную адлегласць.
З заробкам у доларавым эквіваленце ўжо дзесяцігоддзе назіраецца аналагічная гісторыя. Налічаны ў рублях заробак упэўнена расце, але гэтак жа ўпэўнена зніжаецца курс беларускага рубля. Звернемся да сакавіцкай статыстыкі. Сярэдні заробак за першы вясновы месяц склаў 1056,9 рубля, што з улікам курсу на канец месяца (2,1285 BYN / USD) адпавядала 497 доларам.
Не хапіла нейкіх 3 долараў да «няшчасных» 500. Але не хапіла. Такім чынам, узяты ўладай дзесяць гадоў таму абавязак і цяпер застаецца не дасягнутым.
Урад разлічвае, што сярэдні заробак у 2019 годзе перавысіць 1000 рублёў. Упэўнены, што так яно і будзе. Але якім будзе на той час яго доларавы эквівалент? Гэтага не ведае ніхто, бо прадказваць курс беларускага рубля смяротным не дадзена. А таму гонка беларускага Ахілеса і беларускай жа чарапахі, хутчэй за ўсё, працягнецца.
Флагманы прыспускаюць сцягі
Айчынны варыянт старажытнагрэчаскага міфа пры жаданні можна выкарыстоўваць у якасці ілюстрацыі стану «беларускай мадэлі» на сучасным этапе яе развіцця. Але калі мы кажам пра развіццё, неабходна памятаць, што яно бывае як са знакам «+», так і са знакам «–». У другім выпадку правільней казаць не пра развіццё, а пра дэградацыю.
Ці ўсведамляюць на верхнім узроўні ўладнай «вертыкалі» сапраўдны стан «беларускай мадэлі»?
Мяркуючы па Пасланні–2019, з адэкватным успрыманнем рэальнасці існуюць пэўныя праблемы.
«Беларуская эканоміка, — пераконваў 19 красавіка дэпутатаў і народ АП, — і надалей працягне будавацца на аснове развіцця буйных прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Гэта наш бясспрэчны прыярытэт».
Наколькі такое вызначэнне прыярытэтаў пацвярджаецца афіцыйнай статыстыкай? Для адказу на гэтае пытанне звернемся да раздзелу «Структура валавога ўнутранага прадукту па відах эканамічнай дзейнасці» на сайце Белстата. У 2009 годзе ўклад апрацоўчай прамысловасці ў ВУП склаў 22,5%, а ў 2017 годзе — 21,6%. Досыць сціпла, калі параўнаць з укладам у ВУП сектара паслуг: у 2009 годзе — 42,2%, 2017-м — 47,7%.
Беларуская эканоміка даўно ўжо стала эканомікай паслугаў, а не эканомікай прамысловай вытворчасці, што адпавядае сусветнай тэндэнцыі. Аднак з вокнаў Палаца Незалежнасці змены, што адбыліся ў структуры эканамічнага складніку «беларускай мадэлі», разглядзець не атрымліваецца.
Што тут можна параіць? Адказ на гэтае пытанне ўтрымліваецца ў звароце АП да Савета Міністраў: «Трэба ўсім нам апусціцца на зямлю і быць бліжэй да людзей. Я часта кажу: калі не ведаеш, што рабіць, ідзі да людзей — яны табе падкажуць і дапамогуць».
У Пасланні–2019 прадукцыі МТЗ, МАЗ і БЕЛАЗ быў нададзены статус нацыянальнага здабытку. Дададзім да пералічаных прадпрыемстваў «Атлант» і «Гарызонт» з «Віцязем» — і з дапамогай табліцы ацэнім дынаміку развіцця/дэградацыі нацыянальнага здабытку за дзесяць гадоў.
Пра поўную тэхналогію ўтрымання дойнага статку
Прапаную прайсціся далей па тэксце Паслання–2019: «Па кожным кірунку неабходныя праекты будучыні, якія адпавядаюць лепшым сусветным тэндэнцыям. Новыя вытворчасці і тэхналогіі, а значыць — тавары. Пры гэтым неабходна думаць не пра тое, колькі мы здольныя вырабіць, а пра тое, куды і колькі зможам прадаць».
Для разумення ўсёй глыбіні прыведзенай цытаты нам давядзецца звярнуцца да паняцця «мадэрнізацыя, якая даганяе». У XVII–XVIII стагоддзях пратэстанцкія краіны Паўночнай Еўропы з нерухомасці сярэднявечнага ўкладу жыцця здолелі перайсці ў рэжым паскоранага і бесперапыннага развіцця. Гэты працэс і сталі называць мадэрнізацыяй. Хто не паспеў, той спазніўся — і неўзабаве сутыкнуўся з неабходнасцю даганяць.
Мадэрнізацыя, якая даганяе, — гэта мадэрнізацыя міжволі, гэта адказ лузераў на выклік Захаду, што пайшоў у адрыў, і праводзілася яна не «знізу» сіламі трэцяга саслоўя, а «зверху», згодна з дзяржаўнай разнарадкай.
Ці ёсць у АП і ўрада хоць нейкі шанец абраць праекты будучыні, якія б адпавядалі лепшым сусветным тэндэнцыям? Думаю, што мінімальны. Звярніце ўвагу, гаворка ідзе выключна пра новыя вытворчасці і тэхналогіі. Гэта традыцыя. Яна фармавалася стагоддзямі ў савецкі і дасавецкі час.
Пераймаючы тэхналогіі, улада адначасова рабіла гераічныя намаганні, каб адгарадзіць насельніцтва ад культурных дасягненняў Захаду, прадуктам якіх тыя тэхналогіі і з’яўляліся. Вынік такога аднабокага асваення праектаў будучыні быў прадэманстраваны на прыкладзе аб***ай каровы на ферме аграхолдынгу «Купалаўскі».
Нагадаю чытачам, што ініцыятарам мадэрнізацыі малочнай вытворчасці ў Беларусі ў 2012 годзе выступіў асабіста АП: «Я паставіў задачу пераўтварыць малочнатаварныя фермы ў малочнатаварныя комплексы. Адрозненне вы ведаеце: гэта захаванне поўнай тэхналогіі ўтрымання дойнага статку. Штучнае асемяненне, цэх сухастою, цэх раздою, цэх вытворчасці малака, сістэма водапаення, навозавыдалення, кармленне жывёлы — усё павінна быць па тэхналогіі! Вось што я ад вас хацеў! І даручыў у кожнай гаспадарцы ўзяць любую непрыдатную ферму і пераўтварыць у малочна-таварны комплекс».
Нічога не магу сказаць наконт штучнага асемянення, але навозавыдаленню як элементу тэхналогіі поўнага цыклу ўтрымання дойнага статку спецыялісты аграхолдынгу «Купалаўскі» не далі рады, пра што і распавёў гораду і свету тэлеканал АНТ 26 сакавіка.
Пра мух і катлеты
Мадэрнізацыі, якія даганяюць, што дыктуюцца знешнімі выклікамі, заўсёды натыкаюцца на дэфіцыт асобасных рэсурсаў. Гэты дэфіцыт дзяржава спрабуе кампенсаваць «вельмі жорсткай дыктатурай тэхналогій і вытворчай дысцыпліны». Пасланне–2019 гэту болевую кропку «беларускай мадэлі», натуральна, не абышло. Цытую: «Ніякай дэмакратыі і балбатні! На гэта павінны быць мабілізаваныя ўсе, пачынаючы ад кіраўніка гаспадаркі, спецыялістаў і заканчваючы нашай міліцыяй. Кажу пра гэта адкрыта. Яны там не справяцца з тымі праблемамі, якія сёння існуюць у вёсцы».
Парадак на ферме без міліцыі — дэмакратыя і балбатня. Гэта можа падацца дзіўным, але іншая форма парадку на зямлі АП добра вядомая. Не выпадкова ж ён прывёў прыклад з фермерамі, якія пастаянна просяць у яго зямлю, але адмаўляюцца ад сельгаспрадпрыемстваў, фермаў і збожжатокаў. А самае галоўнае — адмаўляюцца ад сацыяльнай нагрузкі ў выглядзе вёсак з людзьмі.
У выніку аб’яднаць у межах «беларускай мадэлі» эфектыўную вытворчасць і моцную сацыяльную палітыку не атрымліваецца. Між тым, рэцэпт такога аб’яднання даўно ні для каго не з’яўляецца таямніцай — і палягае ён у аддзяленні мух ад катлет. Кожны павінен займацца сваёй справай: бізнес — вытворчасцю, дзяржава — сацыяльнай палітыкай на грошы, якія пералічваюцца бізнесам у выглядзе падаткаў.
Аднак для дзяржавы, якой «ёсць справа да ўсяго», такі падзел непрымальны. Тут, як і ў выпадку з крыжамі ў Курапатах, яна адчуе сябе чужой на свяце жыцця, бо любая праява грамадзянскай самастойнасці ўспрымаецца як пагроза. Аднак менавіта грамадзянская актыўнасць і дазволіла пратэстанцкім краінам Паўночнай Еўропы вырвацца ў XVII–XVIII стагоддзях з застою Сярэднявечча.